АГУЛЬНЫ СТАН ЭКАНОМІКІ
Вядучая роля ў эканоміцы раёна належыць сельскай гаспадарцы. У склад АПК уваходзяць 10 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, ЗАТ “Агракамбінат “Стайкаўскі”, ААТ “Гарадоцкі райаграпрамснаб”, 10 камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 15 фермерскіх гаспадарак.
Землі сельскагаспадарчай вытворчасці займаюць 65 000 га, у тым ліку раллі 25 000 га.
Раён спецыялізуецца ў раслінаводстве на вытворчасці зерня, бульбы, лёну; у жывёлагадоўлі – на вытворчасці малака, мяса, свініны, яек.
Удзельная вага прадукцыі раслінаводства ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна складае 18%, жывёлагадоўлі 82%.
Трывалыя пазіцыі ў жывёлагадоўлі займае камунальнае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Паўночны”, якое ўзначальвае Асіпенка Васіль Сямёнавіч – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Буйнейшым прадпрыемствам горада з’яўляецца РУСГП “Гарадоцкая птушкафабрыка”.
На тэрыторыі раёна працуюць прамысловыя прадпрыемствы: ААТ “Гарадоцкі рамонтны завод”, які здзяйсняе выпуск наступнай прадукцыі: культыватар-камбінатар ККУ-4, -2, -6, барана-праполачная АПБ-6, -7, -5; вентылятары, робіць абнаўленчы рамонт дызельных рухавікоў.
ДЛГУ “Гарадоцкі лясгас” вырабляе лесаматэрыялы і прадукцыю дрэваапрацоўкі.
Гарадоцкі цэх па вытворчасці харчовых прадуктаў “Талачынскі кансервавы завод” – маянэз, цукеркі, гарчыцу, безалкагольныя напіткі.
УРСП ЖКГ “Будаўнік” - прадукцыю дрэваапрацоўкі.
УУПКП “Каапзагатпрам” – хлебабулачныя і каўбасныя вырабы, мяса і мясныя паўфабрыкаты.
Перапрацоўчую прамысловасць прадстаўляе ААТ “Малако” г. Віцебска, ААТ “Гарадоцкі льнозавод”.
Будаўнічую праграму выконвае будаўнічая арганізацыя РУП “Гарадоцкая ПМК-51”.
Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць 87 аб’ектаў Гарадоцкага раённага спажывецкага таварыства, 21 ведамасны магазін, 42 магазіны прыватнай уласнасці, 45 камерцыйных пунктаў продажу і 1 міні-рынак. Агульная плошча магазінаў раёна складае 9465,8 кв.м. Колькасць работнікаў гандлю ў сістэме райпа складае 292 чалавекі, у ведамасным гандлі працуюць 72 чалавекі, на аб’ектах гандлю прыватнай уласнасці – 314 чалавек. У сферы гандлю працуе 334 прадпрымальнікі.
Больш за 150 чалавек занята ў грамадскім харчаванні, дзе абарудавана 1109 пасадачных месцаў.
Бытавыя паслугі насельніцтву ў раёне аказваюць РУП БА “Райбыт”, а таксама сетка КПП, размешчаных у г.п. Езярышча і ў 9 сельскіх населеных пунктах. Акрамя таго, бытавыя паслугі аказваюць 19 індывідуальных прадпрымальнікаў і 28 юрыдычных асоб. У раёне выконваецца 18 відаў бытавых паслуг. РУП БА “Райбыт” арганізавала задавальненне заказаў насельніцтва на рамонт складанай бытавой тэхнікі, тэлерадыёапаратуры, адзення, абутку, мэблі, гадзіннікаў, паслугі цырульні, пральні і хімчысткі, рытуальныя паслугі ва ўсіх комплексных прыёмных пунктах. Усе аддаленыя вёскі замацаваны за КПП і забяспечаны выязным абслугоўваннем прыёмшчыкаў заказаў.
У горадзе працуе пошта, тэлеграф.
На працягу 2004 года для ўкаранення стандартаў у галіне транспартных паслуг і забеспячэння рэгулярнага руху грамадскага транспарту ў раён атрымана 5 аўтобусаў ПАЗ і 1 мікрааўтобус. Гэта дазволіла па 76 населеных пунктах з колькасцю двароў звыш 10 увесці дадатковыя лініі следавання.
Агульная працягласць аўтадарог у раёне перавышае 1600 км. На абслугоўванні ДРБУП-106 знаходзіцца каля 900 км.
ЛІТАРАТУРА
1. Окускова, А. О работе промышленных предприятий Городокского района / А. Окускова // Гарадоцкі веснік. – 2002. – 26 сак.
2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 682-686.
ПРАДПРЫЕМСТВЫ
РУСГП “ГАРАДОЦКАЯ ПТУШКАФАБРЫКА”
У снежні 1969 г. была прынята пастанова Савета Міністраў БССР аб будаўніцтве Гарадоцкай птушкафабрыкі.
Будаўнічыя работы пачаліся ў красавіку 1970 г., а ўжо ў снежні наступнага года стала дзеючай першая чарга прадпрыемства на 50 000 курэй-нясушак, у снежні 1972 г. — другая чарга, у лістападзе 1973 г. — трэцяя.
Першая прадукцыя — яйкі — была атрымана ў жніўні 1972 г., а ў 1973 г. прададзена 31,2 млн. яек і 420 тон мяса птушкі.
У 1974 г. колькасць працуючых была 117 чалавек, у 1985 г. — 455. Сярэдняе пагалоўе курэй-нясушак у 1972 г. складала 62,3 тыс., у 1980 г. - 490 тыс., у 1991 г. - 480,7 тыс., у 1998 г. — 518 тыс. галоў. Вытворчасць яек за гэтыя гады вырасла з 27,4 млн. штук у 1972 г. да 130,5 млн. штук у 1998 г., а мяса адпаведна з 1386 да 10 506 цэнтнераў.
На працягу 8 гадоў існаваў свой інкубатар і птушку вырошчвалі на месцы.
У 1980 г. з утварэннем Віцебскага аб'яднання па птушкагадоўлі адбылася спецыялізацыя і курэй-нясушак завозілі з Віцебскай птушкафабрыкі.
У 1998 г. да Гарадоцкай птушкафабрыкі была далучана Віцебская, якая спецыялізавалася на вырошчванні маладняку, саўгас «Лосвіда», а з 2001 г. — саўгас «Вайханы» Гарадоцкага раёна.
Агульная зямельная плошча гаспадаркі складае 5011 гектараў, з якіх 3796 — сельгасугоддзі.
Зараз у гаспадарцы 23 птушнікі для ўтрымання курэй-нясушак на 680 тыс. птушкамесцаў, 20 птушнікаў на 537 тыс. галоў сутачнага маладняку курэй.
Прадукцыя пастаўляецца ў г. Віцебск і раёны Віцебскай вобласці, часткова ў Мінск. За межамі рэспублікі рэалізуецца 25% яек. Маладняк выкарыстоўваецца для камплектавання ўласнага прамысловага статку курэй-нясушак, пастаўляецца іншым гаспадаркам вобласці, рэалізуецца насельніцтву. Паўфабрыкаты з мяса птушкі пастаўляюцца ў фірменныя магазіны, якіх налічваецца 8, і ў гандлёвую сетку Віцебска і вобласці.
Першым дырэктарам Гарадоцкай птушкафабрыкі ў 1970— 1978 гг. працаваў Канстанцін Фёдаравіч Кандраценка. На працягу 16 гадоў кіраваў прадпрыемствам Міхаіл Аляксеевіч Расолька, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Многія працаўнікі птушкафабрыкі за высокія вытворчыя дасягненні адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, бронзавымі і сярэбранымі медалямі Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі.
ЛІТАРАТУРА
1. Іваноў, Д. Будні гарадоцкіх птушкаводаў / Д. Іваноў // Віцебскі рабочы. – 1973. – 18 верас.
2. Лысенко, В. Цыплят по осени считают / В. Лысенко // Віцебскі рабочы. – 2005. – 26 лістап.
3. Мешков, О. Реальные планы птицеводов / О. Мешков // Гарадоцкі веснік. – 2006. – 7 сак..
4. Чуйко, А. Яйцо овальное, проблемы – острые... / А. Чуйко // Народнае слова. – 2004. – 15 чэрв.
ААТ “ГАРАДОЦКІ РАМОНТНЫ ЗАВОД”
Дзейнасць гэтага прадпрыемства пачалася на аснове машынна-трактарнай майстэрні, якая была створана яшчэ да вайны.
Пасля вызвалення раёна ёй быў перададзены будынак былой коннай пошты. Даведзены план рамонту — 150 трактарных рухавікоў у год. Колькасць працуючых тады складала 20 чалавек.
У 1948 г. МТМ перайменаваны ў міжраённыя майстэрні капітальнага рамонту, а ў 1959 г. у Гарадоцкі рамонтны завод.
У 1958 г. пабудаваны новы вытворчы корпус. Гадавы план капітальнага рамонту трактарных і аўтамабільных рухавікоў складаў 600 штук.
3 1964 г. калектыў прадпрыемства асвоіў узнаўленне метадам храміравання плунжарных пар і зваротных клапанаў. Завод спецыялізаваўся на капітальным рамонце аўтарухавікоў ГАЗ-51, ЗІЛ-120, камбайнавых, а ў далейшым — УРАЛ-353.
Высокі рост вытворчасці адзначаецца ў 1966 — 1970 гг. Аб'ём рэалізацыі ўзрос на 67,7%, вытворчасць валавай прадукцыі — на 72,2%, капітальны рамонт аўтамабільных рухавікоў — на 92,3%, прадукцыйнасць працы — на 25%, прыбытак — на 45%. На вытворчасці было занята 150 чалавек.
Найбольшая колькасць працуючых на заводзе ў 1983 г. — 343 чалавекі. За год было адрамантавана 15 017 рухавікоў, выпушчана 255 вентылятараў КС-5 і 2009 вентылятараў В 06-290.
31 студзеня 2000 г. на базе завода ўтворана адкрытае акцыянернае таварыства «Гарадоцкі рамонтны завод».
У сённяшні час завод арыентаваны на выраб і рамонт сельгасмашын і запчастак да іх. Прадпрыемства прапаноўвае паслугі па распрацоўцы і мантажы металаканструкцый.
Вырабляюцца – малыя формы (дзіцячыя пляцоўкі), дэкаратыўныя заборы, кветнікі і г.д. Наступны праект – вырабы пружынных блокаў і механізмаў трансфармацыі для мэблі. Акрамя таго, прадпрыемства працуе над праектам партальнай плазменнай рэзкі і палімернага пакрыцця металавырабаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Конан, М. Хто заказвае музыку... / М. Конан // Віцебскі рабочы. – 1988. – 7 чэрв.
2. Краўцоў, М. Гарадоцкаму рамонтнаму заводу – 60 год / М. Краўцоў // Гарадоцкі веснік. – 2004. – 27 ліп.
3. Лапаев, М. В споре с обстоятельствами важно не проигрывать / М. Лапаев ; беседовал Л. Кожемякин // Віцебскі рабочы. – 2004. – 19 кастр.
4. Сталяроў, В. Была майстэрня – стаў завод / В. Сталяроў // Прамень камунізму (Гарадок). – 1974. – 27 ліп.
5. Фролова, С. Ставка на знания и инициативу / С. Фролова // Народнае слова. – 1999. – 10 жн.
ГАРАДОЦКІ ФІЛІЯЛ ААТ “МАЛАКО”
Яшчэ ў 1926 г. пачаў працаваць Гарадоцкі маслазавод, які сваёй дзейнасцю ахопліваў тэрыторыю Гарадоцкага і Мехаўскага раёнаў.
У сувязі з узбуйненнем Гарадоцкага раёна павялічылася нізавая вытворчая сетка гэтага прадпрыемства. Яна складалася з 13 сепаратарных пунктаў.
У 1962 г. адбылася рэканструкцыя завода: прыбудаваны вытворчы корпус, уведзена ў эксплуатацыю электрападстанцыя і кампрэсарная. У гэты час на заводзе выраблялі сметанковае масла, мяккія сыры, цэльнамалочную прадукцыю, марожанае.
Значную частку цэльнага малака пастаўлялі ў Расійскую Федэрацыю на Невельскі малочны камбінат.
У 1996 г. завод пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства, якое ў 2002 г. стала філіялам ААТ «Малако» г. Віцебска. Філіял мае два малакапрыёмныя пункты, два фірменныя магазіны, ажыццяўляе прыём малака ад сельскагападарчых прадпрыемстваў і насельніцтва і яго першасную перапрацоўку. Колькасць працуючых — 70 чалавек.
Цэльнамалочная прадукцыя (малако, смятана, тварог, сыры) прадстаўлена ў шырокім асартыменце і задавальняе пакупнікоў поўнасцю. Так, напрыклад, сыр “Адыгейскі” атрымаў высокую адзнаку не толькі на выстаўках-кірмашах нашай рэспублікі, але і па-за яе межамі. Прадпрыемства асвоіла выпуск кісламалочных прадуктаў, абагачаных біфідабактэрыямі. Сёння гэта адзінае прадпрыемства ў Віцебскай вобласці, якое ажыццяўляе фасоўку прадукцыі ў пэт-тару. На філіяле пастаянна абнаўляецца асартымент выпускаемай прадукцыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Кажамякін, Л. Гатовы дарыць радасць / Л. Кажамякін // Гарадоцкі веснік. – 1998. – 28 ліп.
2. Лукьянова, Н. Айран не пробовали? / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2005. – 25 июня.
3. Мешков, О. Молочная река меняет берега / О. Мешков // Гарадоцкі веснік. – 2002. – 3 снеж.
4. Немизанская, Г. Настроены на работу / Г. Немизанская // Віцебскі рабочы. – 1998. – 19 снеж.
ГАРАДОЦКІ ЦЭХ ПА ВЫТВОРЧАСЦІ ХАРЧОВЫХ ПРАДУКТАЎ УП “ТАЛАЧЫНСКІ КАНСЕРВАВЫ ЗАВОД”
Спецыялізуецца на выпуску прадуктовых тавараў – гарчыцы, маянэзу, карамелі, безалкагольных напояў. Прадукцыя вырабляецца з натуральнай сыравіны і мае выдатную якасць. Менавіта на гэта заўсёды звяртаецца ўвага пры дэгустацыі. Так, канфеты “Кароўка”, асартымент якіх значна пашырыўся, былі прадстаўлены ў ліку іншай прадукцыі на святкаванні 100-гадовага юбілею Талачынскага кансервавага завода ў мінулым годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Кожемякин, Л. Продукт каждого дня / Л. Кожемякин // Гарадоцкі веснік. – 2006. – 11 ліп.
2. Тулбусов, А. И. Cластёнам и гурманам / А. Тулбусов // Витьбичи. – 2006. – 25 нояб.