1. Р Э К І
Дастатковае ўвільгатненне, асаблівасці геалагічнай будовы і рэльефу Гарадоцкага раёна ствараюць спрыяльныя ўмовы для ўтварэння ўнутраных вод (рэк, азер, балот, падземных вод). Найбольш важнай часткай паверхневых вод з’яўляюцца рэкі. Сукупнасць рэк пэўнай тэрыторыі ўтварае яе рачную сетку. Рачная сетка раёна адносіцца да басейна Балтыйскага мора.Гушчыня натуральнай рачной сеткі ў раёне – 0,45 км./кв.км.
Па тэрыторыі Гарадоцкага раёна цячэ 21 рака агульнай даўжынёй км. Большую частку ўтвараюць малыя рэкі. У межах раёна працякаюць найбольш вялікія рэкі з басейна Заходняй Дзвіны: Аўсянка, Ловаць, Усыса, Обаль. Рэкі раёна маюць невялікія паказчыкі падзення і нахілаў, цячэнне рэк павольнае, таму што пераважае раўнінны рэльеф.
Неабходнай умовай ўтварэння рэк з’яўляюцца пастаянныя і дастаткова значныя крыніцы жыўлення. Рэкі раёна адносяцца да змешанага жыўлення з перавагай снегавога і значнай доляй грунтавога. Суадносіны паміж крыніцамі жыўлення залежаць ад асаблівасцей клімату, геалагічнай будовы, рэльефу і глебы.
Важным паказчыкам рэжыму рэк з’яўляецца сцёк. Больш за ўсё вады рэкі нясуць вясной пасля раставання снегу. Разводдзе на рэках пачынаецца у канцы сакавіка. Доўжыцца яно ад 30 да 120 дзен. Межань назіраецца зімою і летам. Зімою рэкі жывяцца грунтавымі водамі і пакрываюцца лёдам. Ледзяное покрава ўтвараецца ў снежні-студзені і трымаецца ад 80 да 140 сутак. Найбольшай таўшчыні дасягае яно ў другой палове лютага – пачатку сакавіка, а сярэднія адзнакі вагаюцца ў межах 25-60 см. У асобныя суровыя зімы некаторыя ручаі вымярзаюць да дня. Амаль на усіх рэчках назіраецца вясенні крагаход. Ен працягваецца ад 2 да 10 дзен. Пасля вызвалення ад ледзянога покрыва вада ў рэках пачынае паступова прагравацца. Сярэдняя тэмпература вады летам складае 19-21 гр. Найбольшыя тэмпературы фіксуюцца ў 16-18 гадзін вечара, а найменьшыя – у 6-8 гадзін раніцы.
Самая доўгая рака Ловаць – 536 км, на другім месцы р. Аўсянка – 90 км.
Ловаць – самая вялікая рака ў Гарадоцкім раёне, цячэ па Пскоўскай і Наўгародскай абласцях Расіі. Даўжыня 536 км. Плошча вадазбору 21,9 тыс.км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м3/с, на граніцы Беларусі і Расіі каля 2,5 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,16%, на Беларусі 0,6%. Выцякае з воз.Лованец Пскоўскай вобласці, упадае ў воз.Ільмень. Паводле іншых крыніц пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на паўдневы усход ад в. Марчанкі Гарадоцкага раёна. Цячэ у межах Беларусі (даўжыня 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азеры Задрач, Мяжа, Сасна, Чарняста, Сясіста, па Валдайскім узвышшы, у ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне.
Обаль – даўжыня 148 км, плошча вадазбору 2960 км2, сярэднегадовы расход вады ў вусці 19,4 м3/с. Агульнае падзенне ракі 55 м. Сярэдні нахіл воднай пверхні 0,4%. Выцякае з воз. Езярышча каля г.п. Езярышча, цячэ па Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах ў межах паўночна-заходняй частцы Полацкай нізіны. Вусце за 1 км на паўдневы захад ад в. Новыя Гараны Полацкага раёна. Даліна пераважна трапецападобная, шырыней 300-600 м, найбольшая шырыня 2,5 км паміж вескамі Малое Цешава і Канавалава Гарадоцкага раёна), ў вярхоўі невыразная. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае, шырыня да ўпадзення р. Свіна 400-800 м, ніжэй 100-200 м. Рэчышча звілістае, шырыней 8-20 м у верхнім цячэнні, 20-40 у сярэднім, 25-30 у ніжнім. Найвышэйшы ўзровень разводдзя каля г.п. Обаль Шумінскага раёна. Замярзае ў канцы 1 дэкады снежня, крыгалом у пачатку красавіка. Веснавы ледаход 4 сутак.
Аўсянка – правы прыток Усвячы (басейн Заходняй Дзвіны), даўжыня 90 км, плошча вадазбору 598 км2, сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м3/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6%. Пачынаецца за 2 км на поўнач ад в.Сіціна, цячэ праз 7 азер, вярхоўе і сярэдняе цячэнне ў межах Гарадоцкага ўзвышша, нізоўе на Суражскай нізіне. Упадае ва Усвячу каля в. Ловань Усвяцкага раёна, Пскоўскай вобласці. Даліна да в. Смалоўка скрынка або трапецападобная, шырыней 100-300м. Рэчышча умерана звілістае, шырыней 4-6 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. У рацэ трапляецца вадзяны арэх – ахоўны рэліктавы від флоры Беларусі (месца яго росту ніжэй возера Ведрынскае аб’яўлена помнікам прыроды).
Усыса – левы прыток Обалі (басейн Заходняй Дзвіны). У верхнім цячэнні назва Гаражанка. Даўжыня 50 км. Пачынаецца з воз. Кашо каля в. Прудок, цячэ ў Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах праз азеры: Лугавое, Арэхавае, Шчарбакоўскае. Сярэдні нахіл воднай паверхні 1%. Асноўны прыток – Каменка. Вадазбор 423 км2. На паўднева-заходніх схілах Гарадоцкага узвышша, пад ворывам 25%. Рэльеф узгорыста-градавамарэнны. Грунты сугліністыя і супясчаныя, у нізінах тарфяністыя. Лясы мяшаныя (16%), вялікімі масівамі. Даліна трапецападобная, пераважна шырыней 0,2-0,5 км., найбольшая 2 км. Схілы умерана стромкія, месцамі стромкія, вышыней 6-10 м у верхнім, да 15-20 м у сярэднім і ніжнім цячэннях. Пойма нізкая, няроўная, лугавая (у сярэднім цячэнні ў асноўным левабярэжная, перарывістая), шырыней 50-80 м, у вялікім разводдзі затапляецца вадой на глыбіні да 1 м. Рэчышча умерана-звілістае, месцамі звілістае, пераважная шырыня 10-15 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, часам заліваюцца са схіламі, вышыней 1,5 – 2 м, месцамі да 6-10 м. Сярэдні расход вады ў вусці 3,2 м3/с, на веснавое разводдзе прыпадае каля 48% гадавога сцёку.
Акрамя рэк маецца ў раёне шмат ручаеў. Сярод іх Салонаўка, Анукова, Максенскі, Смародны.
Працягласць асушальнай сеткі – 6,4 тыс км.
Утвораны каналы. Зайкаўскі меліярацыйны канал пачынаецца за 1,5 км на поўдзень ад в. Чырвоная Горка, ўпадае ў возера Сясіта за 1 км на паўдневы захад ад в. Зайкава, Стадольшчына – меліярацыйны канал – правы прыток р. Обаль. Пачынаецца за 1,5 км на паўдневы ўсход ад в. Новая, вусце ля в. Шабекі Шумілінскага раёна.
2. А З Е Р Ы
Адна з характэрных асаблівасцей прыроды нашага раёна – вялікая колькасць азер. Тут размешчана 162 вялікіх і малых возера. Яны розныя па плошчы , глыбіні і паходжанню азерных катлавін. Азеры звязаны з развіццём старажытных зледзяненняў, з ледавіковымі формамі рэльефу. Найбольш разнастайныя па форме і паходжанню катлавін азеры, утвораныя ледавіком і яго расталымі водамі ў эпоху паазерскага зледзянення. Яны сфарміраваліся прыблізна 9-10 тыс. гадоў назад.
Гідралагічны і гідрахімічны рэжымы ў азёрах залежаць ад асаблівасцей воднага балансу, тыпу азернай катлавіны і ўздзеяння гаспадарчай дзейнасці чалавека. Крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца атмасферныя ападкі, рачныя і падземныя воды з тэрыторыі іх вадазбору. Вада расходуецца на выпарэнне і сток у рэкі. У глыбокіх азерах увесь аб’ем вады пераменьваецца за 5-10 гадоў, у мелкаводных – за 1 – 2 гады. Найбольшы ўзровень вады назіраецца ў канцы сакавіка – пачатку красавіка, вышыня пад’ему – да 1 м.
Важнае значэнне ў жыцці вадаёмаў мае тэмпературны рэжым воднай масы. Назіраецца вясенняе і асенняе перамешванне воднай масы і летняе расслойванне вады глыбокіх азераў на 3 слаі. На паверхні вадаемаў летам тэмпературы у розных частах азераў не аднолькавыя: яны на 1-1,5 гр. Вышэй у нагоннага берага, чым у згоннага, а каля расліннасці на 1,5-2 гр. Большая, чым ў адкрытай частцы. Найбольш халодная вада за суткі бывае перад усходам сонца, а самая цеплая ў 14-16 гадзін.
Летам на паверхні вада награваецца да 18-20 гр. З глыбіней тэмпература вады паступова паніжаецца, а на глыбінях 5-7 м – рэзкім скачком на 4-6 гр. На дне ўтвараецца слой вады з пастаяннай тэмпературай у 4 гр. Гэта называецца нармальнай тэмпературнай стратыфікацыяй. Неглыбокія азёры ў летні час маюць аднолькавыя тэмпературы на ўсёй глыбіні.
Восенню ўся водная маса набывае аднолькавую тэмпературу. У гэты час ідзе апусканне халодных вод на глыбіню і пад’ем цеплых на паверхню. Такая з’ява называецца асенняй гаматэрміяй. У зімовы час у глыбокіх азерах назіраецца адваротная тэмпературная стратыфікацыя. Пад ледам тэмпература вады крыху вышэй 0 гр., з глыбіней павышаецца да 4 гр.У вяснавы час, пасля раставання леду , тэмпература ўсёй воднай масы дасягае 4 гр.
Узровень вады ў азерах на працягу года таксама змяняецца. Найбольш высокі ён у сакавіку-красавіку. Летне-асеннія дажджы могуць выклікаць кароткатэрміновае падняцце вады. Межань назіраецца ў студзені і доўжыцца да расставання снегавога покрыва.
У зімовы час на азерах утвараецца ледзяное покрыва, якое трымаецца з канца лістапада-пачатку снежня да канца красавіка-пачатку мая Працягласць ледаставу складае ў раёне 110-150 дзен, таўшчыня леду дасягае 50-70 см. Зімой тэмпература паверхневога слою каля 0 гр., а калядонная звучайна 2,5 – 3, радзей 4 гр. Працягласць ледаставу і таўшчыня леду залежаць ад метэаралагічных умоў, формы і глыбіні катлавіны, характару жыўлення, выхадаў падземных вод і інш. Структура, празрыстасць і таўшчыня леду аказваюць ўплыў на арганічнае жыцце азер. У зімовы час на многіх азерах назіраюцца заморы рыб.
Газавы рэжым азер залежыць ад растварэння газаў, жыццядзейнасці арганізмаў, працэсаў гніення арганічных рэчываў і інш. Ён абумоўлены тэмпературай вады, глыбіней, умовамі праточнасці, гаспадарчым выкарыстаннем возера. Найбольшае значэнне для жыцця арганізмаў мае наяўнасць кіслароду і вуглякіслага газу ў воднай масе. У верхні слой азернай вады кісларод паступае з паветра. Частка яго выдзеляецца воднымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу ў вясенне-летні перыяд. Прычым найюольшая колькасць кіслароду знаходзіцца ў верхніх слаях вады, з глыбіней утрыманне яго памяншаецца. Летам найбольш багаты кіслародам паверхневы слой. Ніжэй утрыманне кіслароду змяншаецца, а ў некаторых азерах ен зусім адсутнічае каля дна. У сярэдзіне лета на многіх азерах назіраецца “цвіценне” вады і насычэенне іх кіслародам.У прыдоннай частцы пад уплывам працэсаў гніення рэшткаў раслінных і жывельных арганізмаў колькасць растворанага кіслароду рэзка памяншаецца, што зніжае рыбапрадукцыйнасць азер.
Азеры – месцы жыцця разнастайных відаў раслін і жывел. Багацце жывымі арганізмамі вадаемаў вызначаецца асаблівасцямі будовы азернай катлавіны, хімічнага складу вады, тэмпературнага рэжыму, донных адкладаў і інш. Водныя расліны, у першую чаргу кветкавыя, рассяляюцца ў выглядзе палос ад узбярэжжа да глыбінь 5-6 м.
У прыбрэжнай паласе растуць асокі, капытнік, стрэлкаліст, аер, рагоз. Паласа прыбярэжна-водных раслін доўжыцца да глыбіні 0,5 м. Яе змяняюць расліны, якія пранікаюць на глыбіню 1-2 м трыснег, чарот. Яны маюць добра развітую караневую сістэму і эластычнае сцябло, што захоўвае іх ад уздзеянняў ветру і хваляў. На глыбінях 2,5 -3 м сустракаюцца напаўапушчаныя расліны з лісцем на паверхні: белы і жоўты гарлачыкі, жабнік. На глыбінях звыш 4 м растуць харавыя водарасці
На воднай паверхні сустракаюцца раска, шматлікія водарасці (дыятомавыя, зяленыя, сіне-зяленыя), якія часта ўтвараюць сплавіны.
У азерах растуць многія рэдкія і ахоўныя віды раслін (вадзяны арэх, палушнік азерны).
На дне азер жывуць шматлікія малюскі, лічынкі камароў, чэрві. Паверхню вады і зараснікі насяляюць вадамеркі, жукі-плавунцы і вадалюбы, вадзяныя ослікі, гідры, імшанкі.
Беспазваночныя арганізмы служаць ежай шматлікім відам рыб – асноўных насельнікаў азер: акуням, шчупакам, судакам, ліням, карасям, плоткам.
На азерах гняздуюць чайкі, азерныя крачкі, паганкі і іншыя птушкі.
У азерах і рэках водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, плотка, язь, гусцяра, красноперка, лінь, верхаводка, карась, мянтуз, ялец, сінец, галавань, сазан, джгір, есць вугор і інш. Са 162 азер 56 маюць рыбапрамысловае значэнне.
На дне азер назапашаны шматлікія аргана-мінеральныя і арганічныя адклады. Вялікія запасы сапрапеляў маюцца ў азерах Гарадоцкага раёна.
Назвы азер раёна маюць рознае паходжанне. Вельмі часта яны ўтвораны ад назваў населеных пунктаў – Езярышча, Лосвіда, Вышадскае, Астраўлянскае, Клюшава, Кашо. Распаўсюджаны назвы , якія адпавядаюць колерам ці адценням вады – Белае. Чорнае. Характэрным прыкметам формы - Глыбокае, Доўгае, назвам ралін і жывел – Арэхавае, Баброва, Беразнянскае, Жабіна, Жужаніца, Ільняное, Лугавое, Карасева, Рамашкава, Сосна.
Многія азеры Гарадоцкага раёна знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
Самыя вялікія азеры: Езярышча, Ціоста, Лосвіда, Вымна, Сясіта, Кашо, Бярнова, Свіна, Васлепна, Азярок. Самае глыбокае возера Верына – 23,9 м., самае вялікае па плошчы Езярышча – 15,39 кв.км.
Верына – плошча 0,47 кв.км., найбольшая глыбіня 23,9 м, даўжыня 2,48 км, еайбольшая шырыня 0,27 км, даўжыня берагавой лініі 5,97 км. Плошча вадазбору 1,6 кв.км. У басейне р. Обаль, за 20 км. на паўдневы захад ад г Гарадок, каля в. Кісялі. Схілы катлавіны вышыней 5-7 м на поўнач і на поўдзень 13-15 м, на захад разараныя, на ўсход пад лясамі і хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно паўночнай часткі катлавіны плоскае, на поўдзень мае варонкападобную форму. На поўнач да глыбіні 3 м і на поўдзень да 6-8 м дно пясчанае, глыбей выслана ілам і сапрапелем. Зарастае слаба, паласа расліннасці да глыбіні 2,5-3 м. На поўнач выцякае ручай у р. Обаль.
Бярнова – плошча 2,8 км2, найбольшая глыбіня 10,9 м, даўжыня 3,5 км, найбольшая шырыня 1,62 км, даўжыня берагавой лініі 10,2 км. Аб’ем вады 18 млн.м3, плошча вадазбору 57 км2. У басейне ракі Обаль за 22 км на паўдневы захад ад г Гарадок, за 3 км на захад ад в. Віраўля. Схілы катлавіны вышыней 15-25 м., на поўнач 5-10 м, параслі хмызняком, на паўдневы усход і паўдневы захад разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя на поўнач забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, дні ілістае, 4 невялікія астравы, агульнай плошчай 0,1 га. Упадае рака Віраўлянка, выцякае рака Бернаўка. Шырыня прыбрэжнай паласы надводнай расліннасці 3-40 м.
Вымна – плошча 7,2 км2, найбольшая глыбіня 7,8 м, даўжыня 9,2 км, найбольшая шырыня 1,4 км, даўжыня берагавой лініі 22,6 км. Аб’ем вады 31,46 млн.м3, плошча вадазбору 106 м2. У басейне ракі Лужаснянкі (выцякае возера), за 20 км на усход ад г. Гарадок, каля в. Ноўка. Схілы катлавіны 10-12 м, пад лесам, на паўдневы усход і паўдневы захад нізкія, забалочаныя. Берагі высокія і стромкія, зараслі хмызняком. Дно амаль плоскае, мелкаводдзе вузкае. Мае 7 астравоў агульнай плошчай каля 8 га, найбольш з іх на паўдневы захад зарос лесам. Надводная расліннасць паласой 10-25 м акаймоўвае ўзбярэжжа і астравы. Злучана прытокамі з азерамі Арлейка і Слепня.
Свіна – плошча 3,44 км2, найбольшая глыбіня 9,8 км. Даўжыня 4,12 км, найбольшая шырыня 1,47 км. Даўжыня берагавой лініі 13,36 км. Аб’ем вады 12,20 млн. м3, плошча вадазбору 180 км2. У басейне ракі Свіна, за 35 км на паўдневы захад ад г. Гарадка, сярод лесу. Схілы катлавіны вышыней 2-4 м, на захад і паўдневы захад да 15 м.
Езярышча – у басейне р. Обаль, каля г.п. Езярышча. Плошча 15,39 км2. Найбольшая глыбіня 11,5 м. Даўжыня 8,87 км, найбольшая шырыня 3,2 км. Даўжыня барагавой лініі 32,8 км. Аб’ем вады 66,95 млн.м3. Плошча вадазбору 264 км2. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышча, 20 астравоў, упадаюць 8 ручаеў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.
Лосвіда – размешчана на мяжы з Віцебскім раёнам. Плошча 11,42 км2. Найбольшая глыбіня 20,2 м. Даўжыня 7,08 км. Найбольшая шырыня 4,88 км. Даўжыня берагавой лініі 25,6 км. Аб’ем вады 82 млн.м3. Плошча вадазбору 107 км2. У басейне ракі Храпаўлянка, за 7 км на поўдзень ад г Гарадок, каля в. Вялікае Лосвіда і Малое Лосвіда. Схілы катлаіны вышыней 15 м, берагі параслі лесам, часткова разараныя. На захадзе вялікія залівы, паўночна-заходні бераг адделены ад возера пясчанай водмеллю (глыбіня 0,2 м). Берагі вышыней ад 0,5 да 15 м, месцамі абразіўныя, ці зліваюцца са схіламі, на паўдневы захад нізкія, часткова забалочаныя. Падводная частка катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шырыня зоны мелкаводдзя ад 5-25 м, у залівах да 200 м. Дно ў прыбрэжнай частцы да глыбіні 6 м выслана пяскамі, на ўсход і поўнач пясчана-шлачнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю, шырыня паласы ад 10-15 м да 120-150 м. Падводная расліннасць высцілае дно да глыбіні 5 м. У возеры растуць рэдкія ахоўныя віды флоры: палушнік азерны, наяда малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. Багаты жывельны свет (каля 20 відаў рыб). У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, вяцякае ручай у возера Цыганова. Возера уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе размешчана турбаза “Віцебская”, спартыўная база, лодачная станцыя.
Кашо – плошча 4,15 км2. Найбольшая глыбіня 17,1 м. Даўжыня 6,42 км. Найбольшая шырыня 1,26 км. Даўжыня берагавой лініі 21,7 км. Аб’ем вады 14,4 млн.м3. Плошча вадазбору 60,1 км2. У басейне р. Усыса, за 4 км на паўночны захад ад г. Гарадок, каля в.Вялікае Кашо. Схілы катлавіны вышыней да 6 м, на поўнач да 10 м., разараныя. Участкамі пад хмызняком, на паўночны ўсход і паўдневы захад параслі лесам. Берагі нізкія, ў залівах забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, плоская цэнтральная частка днавыслана сапрапелем. 2 невялікія астравы агульнай плошчай 0,4 га. Зарастае да глыбіні 1,5 м. Адзначана гнездаванне рэдкай птушкі – вялікага крахаля.
Сясіта – плошча 3,45 км2, найбольшая глыбіня 10,6 м, даўжыня 4,58 км, найбольшая шырыня 1,32 км, даўжыня берагавой лініі 12,8 км. Аб’ем вады 15,9 млн.м3. Плошча вадазбору 370 км2. У бесейне р.Ловаць, за 43 км ад г. Гарадок, каля в. Зайкава. Схілы катлавіны вышыней 5-10 м, разараныя. Адзначаны 2 тэрасы на вышыні 2 і 5 м. Берагі нізкія, на ўсход месцамі да 0,5 м параслі хмызняком і воднабалотнай расліннасцю. Мелкаводдзе пясчанае, глыбыней 2м. Дно выслана ілам, мноства мелей і ўпадзін.У паўдневай частцы возера востраў плошчай 0,01 км2. Уздоўж берагоў да глыбіні 1-1,2 м паласа падводнай расліннасці шырыней да 30 м, асабліва зарастаюць залівы.У выніку меліярацыйных работ у басейне р. Ловаць ўзровень возера паніжаны на 1,2 – 1,5 м.
Ціоста – плошча 5,35 км2, найбольшая глыбіня 11,7 м, даўжыня 6,25 км, найбольшая шырыня 1,1 км, даўжыня берагавой лініі 21,4 км. Аб’ем вады 21,8 млн.м3. Плошча вадазбору 426 км2. У басейне р. Аўсянка, за 35 км на паўночны усход ад г. Гарадок, каля в. Сяло . Схілы катлавіны невысокія, разараныя, на усход і поўдзень забалочаныя, на захад і паўночны захад вышыней да 8 м параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на поўдзень забалочаныя, на ўсходнем заліве сплавінныя. Дно да глыбіні 2-2,5 м пясчанае, ніжэй ілістае, у паўночна-усходняй частцы сапрапелістае. Расліннасць пашырана да глыбіні 2,4 м. У паўночна-усходнім і паўдневым залівах расце рэдкі ахоўны від – вадзяны арэх.
Рамашкава возера – у басейне р. Аўсянка, каля вескі Азеркі. Плошча 0,17 кв.км., глыбіня 4,1 м, даўжыня 1,1 км, найбольшая шырыня 0,23 км, даўжыня берагавой лініі 2,38 км. Расце вадзяны арэх.
Васлепна – у басейне р. Лужаснянка,за 1,5 км на паўночны захад ад в. Старыкі. Плошча 1,96 кв.км., глыбіня 8 м, даўжыня 3,29 км., найбольшая шырыня 1,21 км. Сапрапель. Гняздаванне гогаля звычайнага.
Азярок – у басейне р. Аўсянкі, за 40 км на паўночны ўсход ад Гарадка, за 5 км на ўсход ад возера Ціеста. Берагі пясчаныя і затарфаваныя. Дно плоскае, псячанае, глеістае, глыбей за 2-2,5 м У возеры расце рэлікт даледавіковай флоры вадзяны арэх плавучы – ахоўны від ў флоры Беларусі (месца яго росту з’яўляецца помнікам прыроды). Плошча 0,28 кв.км., максімальная глыбіня - 8 м. Даўжыня 1,5 км, найбольшая шырыня – 0,32 км, даўжыня берагавой лініі 3,4 км. Вадазбор 4,1 кв.км.
3. В А Д А С Х О В І Ш Ч Ы
У адрозненне ад азёр вадасховішчы – гэта штучныя вадаёмы. Яны ствараюцца для збору вады, рэгулявання сцёку рэк, выкарыстання водных рэсурсаў для розных народнагаспадарчых мэт. У Гарадоцкім раёне створана для энергетычных мэт ў 1958 годзе Ключагорскае вадасховішча. Плошча 0,4 км2. Найбольшая глыбіня 4,5 м, даўжыня 3,1 км, найбольшая шырыня 0,3 км. Аб’ем вады 1,2 млн. м3. Плошча вадазбору 410 км2. На р. Обаль, за 32 км на паўночны захад ад г.Гарадок, паміж вескамі Пляханава і Жалудова. Берагі абрывістыя, вышыней 8-10 м., параслі лесам і хмызняком. Вярхоўе вадасховішча забалочанае. Дно выслана пяском, торфам, глеем. Выкарыстоўваецца як зона адпачынку і для развядзення рыбы.
4. Б А Л О Т Ы
Да паверхневых вод адносяцца і балоты. У межах раёна яны размеркаваны вакол Гарадоцкага ўзвышша на ускраінах яго. Балоты ўтвараюцца ў выніку забалочвання глеб у месцах залішняга увільганення або пры зарастанні вадаёмаў. Яны могуць быць у далінах рэк, на схілах узвышшаў, на вадападзелах. Самае вялікае балота у Гарадоцкім раёне “Карыценскі Мох”.
Па характару мінеральнага жыўлення балоты прынята падзеляць на вярховыя, нізінныя і пераходныя. На тэрыторыі раёна існуюць вярховыя і пераходныя балоты. Вярховыя балоты ўтвараюцца ва ўмовах застойвання паверхневых вод на паніжаных мясцінах вадападзелаў. Яны жывяцца за кошт выпадзення атмасферных ападкаў.
У залежнасці ад тыпу расліннасці адрозніваюць лясныя, хмызняковыя, травяныя і мохавыя балоты. Тыповыя расліны балот – асака, аер, чарот, трыснег, рагоз, балотніца, мох-сфагнум, багун, буякі, журавіны, на лясных балотах растуць вольха, бяроза, хвоя, вярба. На вярховых балотах часцей расце лясная і мохавая расліннасць.
5. С А Ж А Л К І
Сярод сажалак самыя значныя – ў весках Бычыха, Забумер’е, Вархі, Казінова.
6. П А Д З Е М Н Ы Я В О Д Ы
Апрача паверхневых вод важнае значэнне маюць падземныя воды, што залягаюць на рознай глыбіні. Бліжэй за ўсё да паверхні над першым вадатрывалым пластом знаходзяцца грунтавыя воды, у больш глыбокіх ваданосных пластах – пластавыя воды. Падземныя воды, якія змяшчаюць не больш за 1 грам растворанай солі ў літры вады, адносяць да прэсных. Воды з больш высокай канцэнтрацыяй раствораных рэчываў называюць мінеральнымі. Ля г. Гарадка маюцца запасы мінеральных вод.
Прэсныя падземныя воды з’яўляюцца галоўнай крыніцай пітнога водазабеспячэння. У сельскай мясцовасці гэта пераважна калодзежы. У месцах натуральнага выхаду на паверхню падземных вод узнікаюць крыніцы, яны таксама ёсць і у нашам раёне. Найбольш даступныя для насельніцтва крыніцы маюцца ў Гарадку (вуліцы імя Карла Маркса, імя Галіцкага, Зяленая), у весках Мехавое, Малашанкі, Клюшава, Жукава, Вышадкі, Сюбараўка, Баталі, Хабаты, Кабішча, Шпакі, Зайкава, Казінова, Беразнякі, Астраўляны.