ЖЫВЕЛЬНЫ СВЕТ
Развіцце жывельнага свету раёна адбывалася на працягу доўгага часу. У сувязі са зменамі рэльефу, клімату, расліннага покрыва фауна фарміравалася ў пасляледавіковы час шляхам рассялення жывел з розных рэгыенаў. Жывельны свет прадстаўлены прадстаўнікамі усіх класаў, што зафіксаваны ў Беларусі – млекакормячыя, птушкі, земнаводныя, паўзуны, рыбы, насякомыя, прасцейшыя, чэрві, малюскі, рака- і павукападобныя.
Вялікі негатыўны ўплыў на фауну аказала гаспадарчая дзейнасць чалавека: паляванне, высечка лясоў, пашырэнне плошчы ворных зямель, асушэнне балот, рост паселішчаў, дарог.
1. ЖЫВЕЛЬНЫ СВЕТ ЛЯСОЎ
Багаццем і разнастайнасцю вылучаецца жывельны свет лясоў. Звычайнымі насельнікамі лясоў раёна з’яўляюцца лось, заяц, ваверка.У забалочаных месцах і паблізу вадаемаў жывуць дзікі. З драпежных звяроў у лясах часцей сустракаюцца мядзведзі, лісіцы, ваўкі, рысі, барсук, янот, лясны тхор, лясная куніца, ласка, гарнастай На ўзлеску жывуць насякомаедныя жывелы: вожык, крот. Шмат птушак: арлан-белахвост, вялікі падорлік, арол-змеяед, шэрая няясыць, скапа, беркут, філін, вялікая вып, журавель, вялікі краншнэп, гогаль, доўгахвостая няясыць, вялікі уліт, махнаногі сыч, барадатая няясыць, канюк, махнаногі сычык, вераб’іны сычык, асаед, балотны лунь, лугавы лунь, ушастая сава – гэтыя птушкі узяты пад ахову, лясны жаваранак, салавей, каршун, ястраб, дрозд, сініца, зязюля, дзяцел. З паўзуноў у лесе водзяцца яшчаркі, вужы і гадзюкі. Разнастайны і шматлікі свет насякомых.
2. ЖЫВЕЛЬНЫ СВЕТ ВАДОЕМАЎ І ЎЗБЯРЭЖЖАЎ
Прыродныя і штучныя вадаемы, берагі рэк і азер, прылеглыя тэрыторыі з’яуляюцца асяроддзем жыцця рыб, земнаводных, беспазваночных, шэрага відаў птушак і млекакормячых.
Вадаемы заселены найбольш шматлікімі прадстаўнікамі пазваночных жывел – рыбамі. У вадаемах раёна распаўсюджаны плотка, лінь, карась, шчупак, лешч, акунь, судак, рапушка еўрапейская.
З вадаемамі і прылеглай да іх тэрыторыяй звязана жыцце земнаводных. Распаўсюджаныя віды – лягушкі, жабы, трытоны.
На берагах рэк з павольным цячэннем, азер з багатай воднай і прыбяржнай расліннасцю селяцца бабры. У вадаемах і на ўзбярэжжах водзяцца вадзяная выдра, еўрапейская норка, амерыканская норка.
Паселяюцца птушкі: дупель, чайкі, буслы, цаплі.
Некаторыя віды жывел і птушак адносяцца да паляўніча-прамысловых. Па ліцэнзіях вядзецца паляванне на лася, дзіка, бабра, выдру. Паляўнічым дазваляецца таксама здабываць у вызначаныя тэрміны ваверак, зайцаў, лісаў, куніц. тхароў і інш.
3. ЖЫВЕЛЬНЫ СВЕТ АНТРАПАГЕННЫХ КРАЯВІДАЎ
На палях і лугах, у прысадах, садах нярэдка селяцца мышы і палеўкі, вожыкі, краты, курапаткі, жаваранкі. На полях часта сустракаецца заяц-русак. Выходзіць на паляванне лісіца, зімой у пошуках ежы яна падыходзіць да населеных пунктаў.
Сярод найбольш характэрных для палеў і лугоў птушак – жаваранкі, курапаткі. У паселішчах і паблізу іх жывуць вераб’і, ластаўкі, голубы, шпакі, гракі, сарокі, галкі, вароны, зімой у садах і парках можна бачыць сініц, снерігоў, водзяцца мышы, пацукі, краты. На высокіх дрэвах будуе свае гнезды белы бусел.