РЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПАДЗЕІ І ЎСТАНАЎЛЕННЕ САВЕЦКАЙ УЛАДЫ

Свята кастрычніка у 1918 г.
Жыхары Гарадка і вёсак павета пра Кастрычніцкую рэвалюцыю даведаліся ад тэлеграфістаў чыгуначнай станцыі. Напрыклад, у вёскі Пліткі, Вышадкі і Дубрава 26 кастрычніка гэтую навіну прывёз селянін, які сам пачуў аб падзеях у Петраградзе ад бычыхінскага тэлеграфіста.
8 лістапада 1917 г. Гарадоцкі павятовы Савет прыняў пастанову аб прызнанні Савецкай улады і стварэнні ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. На наступны дзень на яго арганізацыйным пасяджэнні старшынёй быў абраны А. Шульц, намеснікам Ф. Жукаў, сакратаром С. Труноў, яго намеснікам Беразоўскі. Камісарам выбралі Бяссонава, памочнікам Кузьмінскага.
У лістападзе 1917 г. скасавана пасада павятовага камісара Часовага ўрада. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт назначыў кіраўнікоў гарадской і павятовай міліцыі. Імі сталі Рышман і Шульц. Былі прыняты меры па ахове Гарадка. На вуліцах горада ўстаноўлена 11 пастоў. Утвораны ваенна-рэвалюцыйны суд у складзе трох чалавек, а таксама спецыяльны ўзброены атрад пад кіраўніцтвам Храпкова і Асятрова для навядзення парадку ў павеце, дзе адбываліся грабежніцкія дзеянні, падпалы маёнткаў з удзелам салдат і мясцовых жыхароў. Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту даваліся шырокія паўнамоцтвы па барацьбе з контррэвалюцыйнымі дзеяннямі і раскрадальнікамі народнага дабра.
У рэзалюцыіі Гарадоцкага павятовага Савета і павятовых галосных, аб’яднанае пасяджэнне якіх адбылося ў пачатку студзеня 1918 г., аб’яўлялася аб падтрымцы ўсіх дэкрэтаў, выдадзеных Саветам Народных Камісараў.
23 - 25 студзеня ў Гарадку праходзіў павятовы з’езд Саветаў. У яго пастанове адзначана, што вышэйшай уладай у павеце з’яўляецца з’езд; у перыяд паміж з’ездамі - Савет. Пры Савеце былі створаны секцыі: зямельная, харчовая, культурна-асветніцкая, юрыдычная, па гарадскіх справах, ваенная і фінансавая. Фактычна з’езд замацаваў устанаўленне Савецкай улады ў Гародоцкім павеце. 14 лютага была ліквідавана гарадская дума.
Такім чынам, у лістападзе 1917 - лютым 1918 г. у горадзе і павеце адбылося скасаванне органаў буржуазнай улады, ствараўся новы апарат кіравання.
Адначасова ў павеце праводзіліся мерапрыемствы па ажыццяўленні дэкрэтаў савецкага ўрада. Ужо 17 лістапада на пасяджэнні павятковага Савета разглядалася пытанне аб ахове народнай маёмасці і правядзенні ў жыццё дэкрэта аб зямлі. Новая ўлада прымала меры па аказанні харчовай і грашовай дапамогі бяднейшым сем’ям у Гарадку і павеце. Складаным было становішча з харчаваннем.
Выканкам Гарадоцкага павятовага Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў камандзіраваў сваіх прадстаўнікоў у Таўрычаскую і іншыя губерні для закупкі хлеба. Адным з іх быў Густаў Якаўлевіч Пржыбыдзяк. Маючы спецыяльнае пасведчанне, ён павінен быў нагрузіць, адправіць і суправаджаць хлебныя грузы ў свой павет. Размеркаванне хлеба, мукі і іншых прадуктаў было нарміраваным.
Пачаўся працэс нацыяналізацыі прыватнай уласнасці. Дзяржаўнымі сталі аптэкі, кінематограф. Рэквізаваліся многія памяшканні пад шпіталі, казармы, установы: пяць крам Альдшулера, дом і крамы Мінца, крамы Прусава на Базарнай плошчы (зараз Леніна), дамы Сыркіна, Прусава, Хазанава, Рабіновіча, Рыўкіна, Гольдзіна, Пірацінскага, Шубік, Храпкова, Шульмана на вуліцах 1-ай і 2-ой Вялікіх і іх скрыжаванні (зараз Савецкай і Пралетарскай ); на Стараневельскай вуліцы (зараз Галіцкага) дамы, якія належалі Гуткіну, Аскоцкаму, Гайдуку, Ляснеўскаму, сінагога па вул. Валадарскага. Рэквізаваны млын Дворкіна планавалася выкарыстаць для ўстаноўкі дынама–машыны з мэтай выпрацоўкі электрычнасці. Дом Хазанава, размешчаны па вуліцы Валадарскага, прадназначаўся для арганізацыі ў ім прытулку.
У студзені 1918 г. вырашалася пытанне аб стварэнні новай арміі - “добраахвотніцкай” народнай гвардыі, прызначэнне якой - абараніць заваёвы не толькі ад знешніх ворагаў, але і ад унутраных. Віцебскія губернскі і гарадскі Саветы салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў зборным пунктам для добраахвотных фарміраванняў Віцебскай губерні прызначылі г. Гарадок.
Ваенная секцыя Савета праводзіла запіс добраахвотнікаў, улік і прыём гарадоцкага конскага запасу і маёмасці, якія засталіся пасля расфарміравання 298-га запаснога палка 17-га армейскага корпуса. У сувязі з наступленнем нямецкіх войскаў і набліжэннем фронту да межаў Гарадоцкага павета ў валасцях ствараліся партызанскія атрады, узбраеннем якіх служылі вінтоўкі і кулямёты, прынятыя ад расфарміраваных часцей, а частка зброі была дастаўлена з Петраграда і Віцебска.
Агульны сход грамадзян Віраўлянскай воласці вырашыў звярнуцца ў ваенную секцыю павятовага Савета з патрабаваннем выдзеліць 300 вінтовак для аховы тэрыторыі воласці ад наступлення немцаў.
Гарадоцкі атрад добраахвотнікаў налічваў у гэты час 150 чалавек, з якіх 50 знаходзіліся непасрэдна «ввиду неприятеля» на станцыі Палата Мікалаеўскай чыгункі, з астатнімі навабранцамі праводзілі заняткі інструктары.
Пагроза нямецкай акупацыі прымусіла ваенную секцыю Віцебскага губернскага Савета прыняць рашэнне аб перадачы коней, якія былі ў гарнізоне, у Віцебскі і Гарадоцкі паветы. Дазваляўся продаж іх сялянам і гараджанам для гаспадарчых патрэб. Бяднейшым сялянам давалася растэрміноўка да 2 месяцаў.
У студзені 1919 г. Заходняй ваеннай акругай, у склад якой уваходзілі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні, пачалося фарміраванне батальёна з прадстаўнікоў вясковай беднаты. Батальён павінен быў увайсці ў склад палка, які фарміраваўся ў Самары. Гэты горад з'яўляўся апорным пунктам барацьбы з Калчаком.
На тэрыторыі Віцебскай губерні фарміравалася другая рота вясковай беднаты (першая — у Ельні Смаленскай воласці, трэцяя — у Магілёве). Гарадоцкаму, Полацкаму, Невельскаму ваенкаматам даручалася фарміраванне па адным стралковым узводзе ў складзе камандзіра, яго намесніка, трох камандзіраў аддзяленняў, 54 байцоў, 4 грэнадзёраў, 3 разведчыкаў і 4 санітараў. У аснову фарміравання быў пакладзены прынцып добраахвотнасці. У прадпісанні Віцебскага губваенкамата гаварылася: «Усе гэтыя асобы набіраюцца мясцовымі арганізацыямі беднаты і павінны мець адпаведныя рэкамендацыі, набіраемыя асобы павінны з'явіцца ў павятовы камісарыят абмундзіраванымі, падрыхтаванымі і ўзброенымі...» Камандзірам роты вясковай беднаты 14 студзеня 1919 г. быў прызначаны супрацоўнік інструктарскага аддзела Віцебскага губваенкамата Фёдар Якаўлевіч Савіцкі.
Арганізавана праходзіла фарміраванне ўзвода ў Гарадоцкім павеце. 11 студзеня 1919 г. аб'яднанае пасяджэнне Болецкага валаснога выканкама з прадстаўнікамі камуністычнай ячэйкі прыняло пастанову: «Рэкамендаваць у роту вясковай беднаты добра нам вядомых і сумленных асоб, якія прызываюцца на ваенную службу: в. Кашурына — Віктара Паўлавіча Смалякова, в. Галубова — Кірыла Мікітавіча Старавойценку і Васіля Іванавіча Фаміна, в. Вокшава — Віктара Кузьміча Азаранку, в. Міненкі — Шліпа Максімавіча Паўлава і в. Ваўненкі — Рыгора Лявонавіча Лявонцьева».
23 студзеня 1919 г. узвод вясковай беднаты Гарадоцкага павета быў сфарміраваны ў колькасці 70 чалавек і накіраваны ў Віцебск. Камандзірам узвода прызначаны Сямён Кліменцьевіч Глушнёў (в. Сячонка Зайкаўскай воласці), намеснікам камандзіра ўзвода — добраахвотнік Дарафей Іванавіч Кашэнка (в. Заўсыса Вайханскай воласці), камандзірамі аддзяленняў — Аркадзь Васільевіч Святлоў (в. Арэхава Старынскай воласці), Канстанцін Нікіфаравіч Нікіфараў (в. Пачынка Зайкаўскай воласці) і Аўраам Дзмітрыевіч Гутараў (в. Шарыпы Зайкаўскай воласці). Добраахвотна запісаліся ў фарміруемы ўзвод вясковай беднаты Герасім Спірыдонавіч Кісялёў (в. Швы Вярэцкай воласці), Мікалай Мікалаевіч Стрыжанаў (в. Рудня Руднянскай воласці), Ануфрый Нікіфаравіч Нікіфараў (в. Бліны Старынскай воласці), Мікалай Емяльянавіч Ларчанка (в. Усыса Вайханскай воласці), Якаў Ніканавіч Ніканаў (в. Грыбачы Старынскай воласці).
У канцы студзеня рота вясковай беднаты была ўкамплектавана, але адпраўка яе ў Самару затрымлівалася, таму што не хапала ўзбраення, галоўным чынам кулямётаў. 14 лютага 1919 г. рота ў складзе 225 чалавек была накіравана па прызначэнні. Яна мела на сваім узбраенні 174 вінтоўкі, 7 шабляў, 28 кінжалаў.
Прайшлі на Гарадоччыне партыйная і камсамольская мабілізацыі вясной 1919 г. У газеце «Известия» Гарадоцкага выканаўчага камітэта Савета рабочых салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў ад 28 красавіка змешчаны спіс 27 камуністаў з Гарадка, адпраўленых на фронт: начальнік павятовай міліцыі Іван Цімафеевіч Маскалёў, загадчык аддзела ўпраўлення павятовага выканкама Антон Кандратавіч Буклоўскі, загадчык аддзела сацыяльнага забеспячэння Антон Барысавіч Сысоеў, загадчык аддзела распаўсюджвання друку Барыс Мікітавіч Суднік і іншыя. У маі 1919 г. Гарадоцкім камітэтам РКП(б) было мабілізавана на фронт яшчэ 60 камуністаў. Разам са сваімі старэйшымі таварышамі-камуністамі ішлі на фронт і члены Камуністычнага саюза моладзі; сярод іх добраахвотнік, камсамолец, 17-гадовы сялянскі хлопец з в. Рабыя Паташанскай воласці Сцяпан Цярэнцьевіч Логінаў.
У пачатку 1920 г. праведзены «Тыдзень фронту». Гарадоцкая павятовая камісія па яго правядзенні 13 лютага перавяла ў адпаведную губернскую камісію 160908 руб. Жыхары павета збіралі падарункі для чырвонаармейцаў.
ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА

Конны атрад міліцыі
Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў павеце пачалося ажыццяўленне дэкрэта аб зямлі, былі канфіскаваны памешчыцкія і царкоўныя землі. У снежні 1917 г. Віцебскі губернскі з'езд Саветаў абмеркаваў парадак прыёму памешчыцкіх маёнткаў, паставіў задачы дакладнага ўліку ўсёй маёмасці. На павятовыя Саветы ўскладаўся абавязак па арганізацыі апрацоўкі ўсіх канфіскаваных зямель. Патрабавалася весці ў маёнтках гаспадарку так, каб «...прыбытковасць зямлі не зніжалася, а павышалася, вядома, ні ў якім разе не мець на мэце эксплуатацыі сялян і рабочых, якія прыйдуць для работы на гэтыя землі».
Гарадоцкі ваенна-рэвалюцыйны камітэт 22 лістапада 1917 г. прапанаваў узяць на ўлік усю маёмасць прыватных уласнікаў, арганізаваць яе ахову. Патрэбна было адшукаць і адабраць разрабаваную маёмасць, вінаватых пакараць. На сялянскіх сходах ствараліся спецыяльныя ўліковыя камісіі, якія складалі вопісы памешчыцкай маёмасці, праводзілі раздзел зямлі. Гэтыя дакументы адлюстроўвалі не толькі колькасць канфіскаваных зямель, але і стан гаспадаркі, наяўнасць маёмасці. 3 вопісаў Зайкаўскага зямельнага камітэта, напрыклад, відаць, што маёнтак В.М. Глінскага, які кіраваў у павеце дзейнасцю земства, быў напаўразбураны; жывёлу і маёмасць пазней знаходзілі ў гаспадарках заможнай часткі жыхароў наваколля.
Вопісы зямельных камітэтаў утрымлівалі даныя аб царкоўных землях, якія сталі народнай уласнасцю. У Старынскай воласці ў распараджэнні святароў Сакалова і Бялінскага — 164 дзесяціны, у Стайкаўскай воласці (святар Капусцінскі) — 105 дзесяцін, у Руднянскай (святар Валадуцкі) — 64 1/4 дзесяціны; святары Барысевіч і Пакроўскі мелі па 30 дзесяцін; у Бяскатаўскай царкве — 91 дзесяціна. У Прудку Маркаву манастыру належала зямля, млын, сад, вяндлярня. Мелі свае землі і цэрквы ў Гарадку.
Пры падзеле зямлі кіраваліся пэўнымі правіламі: прадугледжвалася 2,5 дзесяціны зямлі на рабочую душу і 1 дзесяціна на нерабочую, у першую чаргу надзяляліся зямлёй беззямельныя і малазямельныя сяляне. Першапачатковае забеспячэнне зямлёй толькі бяднейшага і малазямельнага сялянства не ажыццявілася, зямлю атрымалі ўсе сяляне, у тым ліку заможныя. Патрэбны быў яшчэ адзін перадзел і размеркаванне хутарскіх і адрубных гаспадарак.
У красавіку 1918 г. Гарадоцкі павятовы з'езд Саветаў прыняў рэзалюцыю, якая забараняла размяркоўваць кулацкія землі. Нягледзячы на гэта, да 14 мая быў праведзены агульны перадзел зямлі ў 70 з 76 вёсак Обальскай воласці.
У другой палове чэрвеня 1918 г. пачалі ўзнікаць камітэты беднаты. Іх задача заключалася ў размеркаванні хлеба, прадметаў першай неабходнасці, сельскагаспадарчага інвентару, садзейнічанні харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможнага сялянства. Частка рэквізаванага хлеба перадавалася вясковай беднаце.
Камбеды займаліся таксама мабілізацыяй сялян і аказаннем дапамогі Чырвонай Арміі, барацьбой з дэзерцірствам. Яны рабілі намаганні па стварэнні і гаспадарчай падтрымцы камун. Першыя камітэты беднаты ў Гарадоцкім павеце былі арганізаваны ў Вярэцкай, Віраўлянскай, Зайкаўскай, Обальскай валасцях.
У лістападзе 1918 г. у павеце дзейнічалі 997 вясковых, 21 валасны і 40 грамадскіх камітэтаў беднаты. Летам, пасля ўтварэння камбедаў, пачаўся новы этап размеркавання зямель. 12 ліпеня 1918 г. газета “Звязда” паведаміла аб тым, што “ў кулакоў з вёскі Сцяпанавічы Гарадоцкага павета было адрэзана 15 дзесяцін зямлі і перададзена сялянам вёскі Забежжа”. 4 жніўня сяляне Зайкаўскай воласці на агульным сходзе адзначалі, што хутаране не падпарадкоўваюцца пастанове. У сувязі з гэтым вырашылі з кожнага хутара адабраць лішак і перадаць беззямельным і малазямельным сялянам.
Створаныя камбеды займаліся ўлікам і рэалізацыяй ураджаю і размеркаваннем адпускаемых насельніцтву прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці. Вясковае насельніцтва павета па-рознаму адносілася да гэтых мерапрыемстваў. У Зайкаўскай воласці агульны сход грамадзян 4 жніўня 1918 г. прыняў наступную рэзалюцыю: «Даручыць вясковым камітэтам беднаты правесці самы дакладны ўлік хлеба, «рэкамендуецца лічыць на полі бабкамі і звесткі аб колькасці хлеба, едакоў, жывёлы ў кожнага гаспадара прадставіць у валасны выканаўчы камітэт, даручыць сачыць, каб не было продажу і вывазу хлеба спекулянтамі без дазволу валаснога выканаўчага камітэта, вінаватых прыцягваць да адказнасці».
Многія камітэты беднаты правялі такую работу. Па звестках Вайханскага валаснога камбеда, у межах воласці налічвалася 684 гаспадаркі, з якіх 452 — малазямельныя і 2 — беззямельныя; колькасць непрацаздольных жыхароў — 2203. Мелася 1550 кароў, 867 коней. У Селішчанскай воласці з 1215 сем'яў беззямельнымі былі 32, а малазямельнымі — 98. Сяляне трымалі 4253 каровы, 3028 коней. Непрацаздольныя складалі 428 чалавек.
Прадстаўнік Болецкай воласці на павятовым з'ездзе зямельных аддзелаў у жніўні 1918 г. паведамляў, што сяляне адмовіліся перадзельваць зямлю, падняліся супраць уліку лішкаў хлеба і яго вывазкі.
Вялася барацьба са спекуляцыяй хлебам. У жніўні 1918 г. у павеце назіраўся наплыў «мяшочнікаў» з Петраграда, Ноўгарада, Цвярской губерні. Яны са станцый Езярышча, Бычыха, Гарадок, Раслякі «вывозяць апошняе». Рэзка ўзняліся цэны на хлеб: пуд жытняй мукі каштаваў 320 рублёў пры цвёрдай цане ў 16 руб. 25 кап.
Паміж бяднейшым сялянствам размяркоўваўся сельскагаспадарчы інвентар, ствараліся пракатныя пункты. У Гарадоцкім павеце было арганізавана 8 пракатных і зернеачышчальных станцый, якія мелі больш за 150 сельскагаспадарчых прылад. Сярод іх — веялкі, касілкі, бароны, плугі, сарціроўкі. Гэтыя пункты ў першую чаргу абслугоўвалі вясковую беднату, былых батракоў. Заможнаму сялянству забаранялася карыстацца іх дапамогай. За пракат інвентару бралася невялікая плата, беднякам ён выдаваўся бясплатна. Ішло размеркаванне жывёлы з былых маёнткаў, таксама з кулацкіх гаспадарак. Патрабавалася пераразмеркаванне лугоў і пашы.
У сярэдзіне 1918 г. узнікаюць першыя камуны, у асноўным на землях былых маёнткаў. У справаздачы Віцебскага губземаддзела на 1 снежня 1918 г. адзначалася: «Па Гарадоцкім павеце пры павятовым зямельным аддзеле арганізавана камунальнае бюро, а ў павеце сельскагаспадарчыя камуны: «Ваўненская», «Дубакрайская», «Рудня». У 1919 г. пачалі дзейнічаць камуны ў Даўгаполлі і іншых вёсках».
Адносіны ў вёсцы абвастраліся. Нарастала незадаволенасць заможных сялян, якія працівіліся перадзелу зямлі, уліку хлеба. У асобных выпадках адбываліся ўзброеныя сутычкі іх з вясковай беднатой. У пачатку работ на сенакосе 8 жніўня 1918 г. у вёсцы Сінякі адбылася спрэчка паміж кулакамі і беднатой. Кулакі не дазвалялі сялянам-беднякам касіць адыходзячы ад іх пры ўраўненні пакос, пачалі пагражаць рэвальверамі і заявілі, што той, хто асмеліцца касіць іх старыя палосы, будзе забіты на месцы, і, каб запалохаць беднякоў, стралялі з рэвальвераў. Але бедната не спалохалася зробленых кулакамі выстралаў. Сабраўшыся, яна таксама з рэвальверамі пайшла на кулакоў.
У час выбараў камбеда ў Старынскай воласці заможныя сяляне пачалі агітаваць сабраўшыхся на сход грамадзян не выбіраць валасны камітэт беднаты і не весці ўлік хлеба. Калі ж стала зразумела, што немагчыма паўплываць на беднякоў у гэтым сэнсе, яны ўзнялі шум, пабілі прадстаўнікоў свайго выканкама, прыехаўшага агітатара, міліцыянера, адабраўшы ў яго зброю.
27 кастрычніка 1918 г. былі завершаны ўборка і ўлік хлеба, узяты на ўлік млыны. У харчовы камітэт паступіла 2500 пудоў жыта; частка ўраджаю з былых памешчыцкіх зямель бясплатна выдадзена батракам на насенне. Камбеды ўзялі на сябе функцыю арганізатараў тавараабмену ў вёсцы.
У распараджэнне павятовага харчкама перададзены ўсе асабістыя магазіны. Устанаўліваліся цэны на прадукты, па якіх адбываўся тавараабмен. Аналізуючы дзейнасць камбедаў Гарадоцкага павета, У. Скульбедаў, член навуковага савета Магілёўскага аблвыканкама, пералічыў прадукты, якія магазіны прымалі па тавараабмене (у дужках цана за пуд): жыта (16 руб.), жытняя мука (18 руб.), авёс (16 руб.), аўсяная мука (18 руб.), ячмень (15 руб. 15 кап.), ячная мука (17 руб.), пшаніца (22 руб. 25 кап.), пшанічная мука (21 руб. 25 кап.), бульба (12 руб.), гарох (16 руб.), масла (6 руб. за фунт), сала свіное (3 руб. за фунт), мяса свіное (2 руб. за фунт). Узамен атрыманых прадуктаў выдаваліся соль, селядцы, чай, тытунь, запалкі, мануфактура, газа, свечкі, мыла, сукно, гатовае адзенне, ніткі, панчохі, абутак, галёшы, іншыя тавары. Значная колькасць харчоў з павета накіроўвалася ў Маскву і Петраград. Толькі ў жніўні 1918 г. у Петраград было адпраўлена 3290 пудоў жыта.
Камбеды канфіскоўвалі «грашовыя лішкі» ў заможных сялян шляхам накладвання штрафаў, асобных падаткаў. Становішча ўскладнялася тым, што пачалася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя. Супрацьстаянне, якое пачалося ў кастрычніку 1918 г., працягвалася. Незадаволенасць часткі насельніцтва дзейнасцю Савета і яго пастановамі, канфіскацыяй і перадзелам зямлі і іншай прыватнай і царкоўнай маёмасці, улікам і размеркаваннем збожжа, складанасцямі ў харчаванні, пачаткам харчразвёрсткі выражаліся ў агітацыі супраць мерапрыемстваў Савецкай улады, пагрозамі і нападамі на прадстаўнікоў выканаўчых камітэтаў, адбываліся ўзброеныя выступленні. Адно з іх адбылося ў Гарадку вясной 1918 г. Архіўныя дакументы даюць падставу лічыць яго датай 22 сакавіка.
Заклікаў да выступлення святар Гарадоцкага Мікалаеўскага сабора Заблоцкі. Па сігнале — набатным гуле званоў — пачалося нападзенне на выканкам і тэлеграфную станцыю. Узначаліў паўстанне былы афіцэр царскай арміі Павел Уладзіміровіч, атрадамі паўстанцаў кіравалі былыя паліцэйскія Мікалай і Васіль Уверскія. К.С. Клібанава (Цёмкіна) так апісвала напад на выканкам, сведкай якога была: «Людзі былі ўзброены хто віламі, хто палкамі ад плоту. Уварваўшыся ў выканкам, яны захапілі члена выканкама Храпкова, пачалі яго біць, але той змог выратавацца ад натоўпу, выстраліўшы з рэвальвера». Некалькі членаў выканкама былі арыштаваны, раззброены многія гарадоцкія міліцыянеры. Удзельнікі паўстання мелі белыя павязкі. А.І. Лусь, начальнік павятовай міліцыі, успамінаў, як ён ездзіў у Віцебск, патрабаваў падтрымку. На другі дзень вярнуўся з чырвонаармейцамі ў Гарадок, паўстанцы здаліся без бою.
Па іншых звестках, паўстанцы ўмацаваліся на ўзвышшы (скрыжаванне вуліц Набярэжнай і Карла Маркса). Калі раніцай у суботу прыбылі на чыгуначную станцыю атрады чырвонаармейцаў з Невеля і Віцебска (па ўспамінах К.С. Клібанавай - браняпоезд), камандаванне прыбыўшых загадала скласці зброю. Паўстанцы выставілі свае ўмовы: яны патрабавалі ўвесці ў склад Савета гандляроў, святара, заможных гараджан, але гэта патрабаванне было адхілена.
Кіраўнікі мяцяжу былі арыштаваны і асуджаны ваенна-рэвалюцыйным судом. Арыштавалі святара Заблоцкага, жыхара Гарадка Аляксандра Шутава (іх тады не расстралялі), а Уладзіміра Шацілава «звялі на белы пясочак» (расстралялі)
Віцебскі рэўтрыбунал займаўся следствам па гэтым пытанні яшчэ ў жніўні 1918 г. А вось з 11 па 17 лістапада 1918 г. амаль уся Віцебская губерня была ахоплена паўстаннем, якое выбухнула ў Веліжскім павеце і перакінулася ў нашы мясціны.
Узначальвалі яго выхадцы з мясцовых святароў, афіцэры, сяляне. Гэта ўзброенае выступленне было выклікана ўвядзеннем хлебнай манаполіі, харчразвёрсткай. Паўстанцы таксама выступілі за аднаўленне ўстаноўчага сходу. Акрамя сялян у паўстанні ўдзельнічалі святары, настаўнікі, гімназісты, стараверы, жыхары латышскіх вёсак. 15 лістапада паўстанцы захапілі Веліж. Колькасць узброеных сялян складала каля 1 тыс. чалавек. Падаўлена Веліжскае паўстанне 23 лістапада, але асобныя групы працягвалі супраціўленне да 1925 г.
На Усвяччыне паўстанне ўзначаліў сын памешчыка Кулакоўскага, каля Веліжа — падпалкоўнік Вараб'ёў. У Шчалбоўскіх лясах дзейнічала банда Воранава, якую мясцовыя жыхары называлі «чорная гвардыя». Першай на тэрыторыі павета 13 лістапада падверглася нападу мяцежнікаў Зайкаўская воласць, дзе катавалі, затым расстралялі прадстаўнікоў Савета і рэўкама. Тут быў выбраны новы Савет у складзе эсэраў і заможных сялян. У гэты ж дзень адбылося нападзенне на Дубакрайскую і Вярэцкую воласці. Адтуль крывавы шлях ішоў на Мяжу, Ціёста, Рамні, Горкі і Вышадкі.
Аб падзеях у Старынскім выканкаме паведамлялі з Бяскатава ў Вышадкі: 13 лістапада з'явіліся ў выканкам каля 40 чалавек, якія называлі сябе «белагвардзейцамі і чэхаславакамі», быў арыштаваны старшыня выканкама. адабрана зброя ў тых, хто яе меў, забралі ў камісарыяце ўсе кнігі і справы, пасля чаго прыступілі да правядзення сходу.
У Гарадок звесткі аб дзеяннях супраць Савецкай улады ў Вярэччы былі дасланы з Вышадак, дайшло і паведамленне аб падзеях у Зайкаўскай воласці.
Кіраўнікі паўстання загадзя наладжвалі добрыя сувязі з прадстаўнікамі той часткі насельніцтва, якая адмоўна ставілася да ўлады. Захапіўшы воласць, Кулакоўскі распраўляўся з прадстаўнікамі Саветаў, збіраў мітынгі і ішоў далей. Староннікі з ліку заможных жыхароў вёсак сустракалі яго хлебам-соллю. Больш заможная частка сялянства Зайкаўскай воласці папоўніла банду Кулакоўскага. Пачалі разыходзіцца па акрузе чуткі, што паўстаўнцы збіраюцца рушыць на Гарадок. Іх было каля 500 чалавек, меліся вінтоўкі, гранаты, станковыя кулямёты. Галоўны дэвіз: «Саветы без камуністаў!»
Наступленне паўстанцаў з боку Мяжы на Гарадок пад кіраўніцтвам Кулакоўскага было спынена ў Вышадках, куды члены мясцовага рэўкама выклікалі з Гарадка атрад латышскіх стралкоў (25 чалавек пад кіраўніцтвам Кундзевіча) і роту чырвонаармейцаў. Старшыня Гарадоцкай надзвычайнай камісіі Мацюхоў даслаў чырвонаармейцам такую дэпешу: «Таварыш Кундзевіч. Прашу не дастаўляць у Гарадок белагвардзейцаў, а расстрэльваць на месцы. Усе віды харчу, мяса ды іншы правіянт бязлітасна браць у кулакоў».
Ваенна-рэвалюцыйным штабам Вышадская воласць 16 лістапада аб'яўлялася «на ваенным становішчы». Усе грамадзяне воласці неадкладна павінны былі здаць зброю штабу, які знаходзіўся пры воласці. За непадпарадкаванне пагражаў расстрэл.
Для задушэння паўстання ў Гарадку і павеце было аб'яўлена ваеннае становішча, арганізаваны ваенна-рэвалюцыйны камітэт, у Гарадку ўзята 29 заложнікаў з ліку буржуазіі, дзейнічаў атрад чырвонаармейцаў пад кіраўніцтвам Нікіціна. Былі расстраляны «на месцы як яўныя контррэвалюцыянеры» ў Горкаўскай воласці Цімафей Новікаў, Улас Цімафееў, у Ціясцянскай воласці — Сямён Лісіцын, Антон Балабанаў, Сяргей Балабанаў, Аляксандр Качанаў, Міхаіл Сураўнёў, у Вышадскай воласці — Аляксандр Лапаценка, Арцём Кнураў, Канстанцін Данілаў, Фёдар Гарыленка. Арыштавана было 135 чалавек.

Асвяшчэнне Крыжа "Змагарам за Свабоду" 27.10.2007г. в. Фралова
Ваеннае становішча пасля гэтага паўстання здымалася паступова: спачатку з Гарадка і той часткі павета, дзе не было ўзброенага выступлення. Толькі 3 студзеня 1919 г. яно было знята з 8 валасцей, ахопленых мяцяжом.
Пастановай Гарадоцкага выканкама ад 19 лістапада 1918 г. за арганізацыю контррэвалюцыйнага паўстання з мэтай звергнуць Савецкую ўладу была накладзена «на кулачество» Вышадскай, Дубакрайскай, Стайкаўскай, Горкаўскай, Ціясцянскай, Вярэцкай і Старынскай валасцей, «кантрыбуцыя 2000000 рублёў».
15 лістапада 1918 г. Вышадскі камбед наклаў на члена партыі левых эсэраў Обальскага кантрыбуцыю ў памеры 5 тыс. руб. за тое, што ён «у перыяд падрыхтоўкі да святкавання Кастрычніцкай рэвалюцыі імкнуўся арганізаваць банду, каб сарваць урачыстае правядзенне святаў». Пасля паўстання прымяняюцца меры па навядзенні парадку, тэрмінова вядзецца абмен дакументаў, 100 чалавек бежанцаў атрымалі пропускі і выехалі на вызваленыя ад немцаў тэрыторыі.
Зайкаўскі валасны выканкам у лістападзе ў справаздачы дакладваў, што дзейнасць яго працякала ў наладжванні «апарата воласці пасля разгрому яе». У лістападзе «за пасіўныя адносіны да задушэння паўстання» быў выключаны з членаў партыі Насенка, з групы спачуваючых Якабсон (начальнік савецкай міліцыі) і яго памочнік Рэзнік.
У снежні 1918 г. начальніку атрада, які душыў паўстанні ў Вярэцкай і Ціясцянскай валасцях, было выплачана па прадстаўленых дакументах 295 руб 20 кап. Складаным заставалася становішча і ў наступныя гады. У студзені 1919 г. хваляваліся жыхары Руднянскай воласці. Міліцыя характарызавала гэтую падзею так: «...бунт восставших против Советской власти... на религиозной почве». Затрымалі 21 чалавека, усіх накіравалі ў судова-следчую камісію. У павеце з'яўляюцца дэзерціры.
У другой палове сакавіка 1919 г. у Вярэцкай воласці прымаліся меры па барацьбе з уцекачамі ў вайсковай форме. 22 сакавіка 1919 г. у Селішчанскай воласці ўзброеная група з 15 чалавек адбіла ў 4 канваіраў злоўленых у воласці дэзерціраў. У гэты ж дзень у вёсцы Крутое было ўведзена ваеннае становішча.
Пры воласці быў утвораны надзвычайны штаб у складзе Спірыдонава, Каралёва, Бярэзіна, Воінава, Пукарава. Спірыдонаву даручалася кіраўніцтва дзейнасцю па «падаўленні паўстання супраць Савецкай улады». У дасланых ім дакументах рэкамендавалася тых, хто не здаў зброю, не расстрэльваць, а арыштоўваць.
Надзвычайны штаб разам з мясцовымі камуністамі на ноч выставіў дазоры, раніцай наступнага дня з Гарадка прыбыў атрад чырвонаармейцаў для вобыскаў і арышту прымаўшых удзел у выступленнях. Было арыштавана 13 чалавек: 8 адправілі ў павятовую турму, а 5 дэзерціраў — у павятовы ваенкамат. У бацькоў уцекачоў канфіскавалі маёмасць. Гарадоцкі павятовы выканкам аб'явіў падзяку ўдзельнікам падаўлення гэтага «контррэвалюцыйнага паўстання». 3 дакументаў вынікае, што ў гэтыя дні ў вёсцы Шыкені Селішчанскай воласці ўзброеная група з 60 чалавек хацела зрабіць нападзенне на Селішчанскі выканкам.
У канцы лета гарадоцкія лясы ўкрывалі тых, хто апынуўся «па другі бок праўды». 21 жніўня група ў складзе 40 чалавек, узброеных вінтоўкамі і чатырма кулямётамі, зрабіла напад на Ціясцянскі валвыканкам, была знішчана дакументацыя, абрабавана каса.
У пачатку кастрычніка 1919 г. створаны Гарадоцкі павятовы рэвалюцыйны камітэт, у павеце ўведзена ваеннае становішча. Праіснаваў рэўкам да выгнання польскіх войскаў з межаў Беларусі.
Утварэнне гэтага органа ваеннай і грамадзянскай улады было выклікана набліжэннем фронту і актывізацыяй бандытызму ў шэрагу валасцей павета. Найбольш вялікай і актыўнай была банда, якая дзейнічала ў Вярэччы і Ціёсце. У канцы лістапада 1919 г. утвараюцца тройкі па барацьбе з дэзерцірствам і бандытызмам. 21 снежня 1919 г. прынята рашэнне аб ліквідацыі Вярэцкай воласці, «паселішчы якой размешчаны большасцю ў лясах на далёкай адлегласці адно ад другога і неаднаразова падвяргаліся нападу і рабаўніцтву з боку бандытаў, якія маюць прыстанішчы ў лясах Вярэцкай воласці».
27 снежня 1919 г. адна з груп «бела-зялёных» напала на в. Ноўка, дзе ёю былі расстраляны 19 яўрэяў — служачых шклозавода. У пасобніцтве «бела-зялёным» былі абвінавачаны і накіраваны ў рэўтрыбунал некалькі рабочых завода «Ноўка».
Барацьба з бандытызмам і дэзерцірствам працягвалася ў 1920 г. У сакавіку ў Ціясцянскую воласць камандзіруецца атрад для «барацьбы з бандай, забіўшай старшыню валвыканкама і двух агентаў па выкананні нарадаў».
Дзейнічаў штаб па барацьбе з дэзерцірамі. За месяц, з 16 мая па 16 чэрвеня, здаліся каля 2000 уцекачоў, затрыманы 513; з 17 па 19 чэрвеня добраахвотна з'явіліся 79 чалавек і 141 чалавек — з былых лесарубаў. За гэты перыяд канфіскавана 50 кароў, некалькі коней, дзве бомбы, 2 рэвальверы; штрафаў узята 200 000 руб. У канцы года 600 дэзерціраў працавалі ў павеце на нарыхтоўцы дроў.
Не сціхае бандытызм і ў 1921 г. У пачатку красавіка адбываецца нападзенне на камуну «Усход». У сакавіку тыя, хто хаваўся ў гарадоцкіх лясах, аб'явілі кампанію па знішчэнні нарыхтаваных дроў. Асобны гарадоцкі атрад па барацьбе з бандытызмам дзейнічаў у Гарадоцкім, Суражскім і Веліжскім паветах. У Гарадку гэты атрад налічваў 80 чалавек.
Дзейнічаць абаронцам улады прыходзілася энергічна: імі былі разбураны 13 зямлянак, захоплена шмат тых, хто ў іх хаваўся, арыштаваны за садзейнічанне бандытам валваенкам Садовік, загадчык эканамічнага аддзела Разанаў; быў абвінавачаны «ў пасобніцтве бандытам» кіраўнік атрада Карпаў, які, па словах арыштаваных, «умеў з імі ладзіць».
У Віцебскую надзвычайную камісію з Гарадка была накіравана просьба аб умацаванні гарадоцкага атрада па барацьбе з бандытызмам да 220 штыкоў і 50 чалавек кавалерыі. 3 22 верасня 1921 г. пачалося фарміраванне гарадоцкага ўзвода асобага прызначэння, у снежні ў павет быў уведзены і размешчаны ў Гарадку аўтабронеатрад для падаўлення супраціўлення ўладам.
Як бачым, рэвалюцыя ўскалыхнула народныя масы ў Гарадоцкім павеце. Карэнным чынам ламаўся існаваўшы лад жыцця. Не ўсе ўспрымалі гэтыя перамены. У віхуры трагічнага супрацьстаяння — тысячы людзей, загубленыя жыцці, пакалечаныя лёсы.
КАЛЕКТЫВІЗАЦЫЯ

Першыя калектыўныя гаспадаркі — камуны, арцелі, саўгасы — ствараліся ў Гарадоцкім павеце на землях былых памешчыцкіх маёнткаў, у меншай ступені на надзельных землях беднатой, батракамі.
Найбольш моцнымі гаспадаркамі, якія дайшлі да суцэльнай калектывізацыі, аказаліся створаныя ў 1918 г. камуны «Бярозна» і «Зара».
Камуна «Бярозна» мела 208 дзесяцін ворнай зямлі і 245 дзесяцін лугоў. Ужо да канца лета 1919 г. яна пачала ўводзіць шасціпольны севазварот і вяла шматгаліновую гаспадарку: мела канюшню, дзе было 11 коней; скотны двор, на якім налічвалася 19 кароў, 6 цялят, 1 бык і 14 авечак; свінарнік з 7 свіннямі і 9 парасятамі, птушнік, у якім было 20 курэй і 4 індзюшкі; млын, кузню, сталярную і слясарную майстэрні; сад, у якім расло 281 дрэва. У складзе камуны налічвалася 80 камунараў, з якіх 34 чалавекі былі працаздольнымі. Да пачатку 1921 г. гэта колькасць людзей у камуне падвоілася. Працавалі грамадская сталовая, клуб, бібліятэка, школа.
У чэрвені 1918 г. у в. Ваўненкі Болецкай воласці на надзельных землях была створана камуна «Зара». Першапачаткова ў ёй аб'ядналася 90 чалавек (36 мужчын, 19 жанчын, 35 дзяцей). Камуна мела 125 дзесяцін зямлі, 23 каровы, 57 авечак, 13 свіней, 14 коней, 10 плугоў і іншы сельскагаспадарчы інвентар.
Кожная камуна павінна была мець свой статут. Былі выпадкі, калі на месцах складаліся статуты, якія адрозніваліся ад тыпавога. Так, 4 лістапада 1918 г. камуна «Зара» прыняла статут, многія пункты якога былі выпрацаваны самімі камунарамі. Пасля абмеркавання гэтага дакумента зямельным аддзелам Гарадоцкага павятовага Савета 14 лістапада 1918 г. камуна была зарэгістравана. Дадаткова ёй выдзелілі 145 дзесяцін зямлі з маёнтка Бяскатава, 40 дзесяцін былой царкоўнай і 20 дзесяцін былой казённай зямлі.
У сакавіку 1919 г. у в. Даўгаполле была арганізавана камуна «Чырвоны сцяг». У ліку ініцыятараў яе стварэння былі У. Ніканаў, I. Захараў, I. Купрэеў. Вялікую дапамогу камунарам аказалі сакратар Гарадоцкага павятовага райкама КП(б)Б І.Ф. Ермакоў і старшыня павятовага Савета рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў П.І. Вараб'ёў. Размясцілася камуна ў маёнтку былога памешчыка Піоры, мела 17 коней, 33 каровы, 18 свіней з парасятамі, 12 калёс, 23 плугі, 16 барон.
Вясной 1924 г. у ёй налічваўся 41 чалавек, з іх дарослых — 21; было 161,65 дзесяцін ворыва, 45 дзесяцін сухадольных лугоў, больш як 8 дзесяцін саду. У 1925 годзе на ўласныя сродкі камуна купіла трактар.
У 1929 г. за поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і ў сувязі с 10-годдзем з дня заснавання камуна «Чырвоны сцяг» рашэннем Прэзідыума ЦВК БССР была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга Беларускай ССР.
У пачатку 1920-ых гадоў пачалі ўзнікаць сельскагаспадарчыя кааператыўныя таварыствы. Адным з першых такіх кааператываў на Гарадоччыне стала сельскагаспадарчае таварыства вёскі Кісялі, створанае ў сакавіку 1922 г. Заснавальнікамі яго сталі сяляне Д. Федацёнак, С. Красікаў, I. Гарбаценка, В. Седуноў, які быў выбраны старшынёй, і Л. Андрэеў. Для жадаючых уступіць у кааператыў устанаўліваўся ўступны ўзнос у памеры 25 тыс. руб. (грашовыя знакі 1921 г.), заменены ў 1923 г. у сувязі з падзеннем курса рубля 5 фунтамі жыта. Таварыства аб'ядноўвала 10 бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак.
3 1926 г. узмацніўся працэс аб'яднання ў кааператывы бядняцкіх і серадняцкіх мас Гарадоцкага раёна. Да канца 1927 г. тут мелася 2 малочныя таварыствы, якія аб'ядноўвалі 306 сялян, 3 меліярацыйных з 134 членамі і 1 тарфяное з 23 членамі. У сакавіку 1928 г. было створана Селішчанскае малочнае таварыства; яно налічвала 347 чалавек. Па маёмасным стане 6 чалавек не мелі кароў, 160 мелі па адной карове, 164 — па дзве, 12 — па тры, 5 — па чатыры і болей. Таварыства мела 3 заліўныя пункты і маслазавод у в. Зарэчча.
У ліпені 1928 г. было арганізавана першае ў Гарадоцкім раёне машыннае таварыства ў в. Вайханы. Усяго ж да канца 1928 г. меліся 4 малочныя, 4 машынныя, 4 меліярыцыйныя і 2 тарфяныя таварыствы.
Рост іх адбываецца і ў 1929 г. У сакавіку на сходзе грамадзян Паўлоўскага і Шабраўскага сельсаветаў было арганізавана Аляксееўскае малочна-жывёлагадоўчае таварыства. Усяго ў 1929 г. у Гарадоцкім раёне было арганізавана 6 ільнаводчых таварыстваў, якія налічвалі 1001 чалавека, 6 машынных (усяго да канца года іх стала 10 з 148 членамі), 4 меліярацыйныя (усяго 8 з 471 членам); колькасць тарфяных таварыстваў засталася ранейшай — 2 з 78 членамі.
Найбольшую сілу ў раёне прадстаўлялі малочныя кааператывы. Да канца 1929 г. 7 таварыстваў аб'ядноўвалі 1622 чалавекі, якія валодалі 2544 каровамі і ў сярэднім за суткі перапрацоўвалі 7600 кг малака. Вытворчыя кааператывы з'яўляліся пераходнай формай ад індывідуальных сялянскіх гаспадарак да буйных калектыўных. У выніку ажыццяўлення дэкрэта аб зямлі ў першыя паслярэвалюцыйныя гады ў Гарадоцкім павеце пачалі складвацца калектыўныя формы гаспадарання на вёсцы. Пэўная колькасць вясковых жыхароў была аб'яднана спажывецкай і вытворчай кааперацыяй, саўгасамі і калектыўнымі гаспадаркамі.
Першыя камуны ўзніклі ў Дубакрайскай, Вышадскай, Болецкай і Руднянскай валасцях.
У 1918 г. былі арганізаваны саўгасы «Стайкі», «Загараны», «Краўцова», у наступным — таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі «Палешына», «Трэйчына», «Чырвоны араты» і іншыя.
Вясной 1920 г. у павеце налічвалася 6 камун і 58 сельскагаспадарчых арцелей. Па звестках Віцебскага губсаўгаса, у гэты перыяд у Гарадоцкім павеце «колькасць саўгасаў — 7, плошча зямлі — 3799 дзесяцін, колькасць насельніцтва — 294 чалавекі, з іх актыўных — 105; жывы інвентар: коней — 56, кароў — 101, авечак — 37, свіней — 129».
У справаздачы Гарадоцкага райвыканкама за 1926 г. аб стане калектыўных гаспадарак адзначалася: «На тэрыторыі раёна існуюць 2 камуны, 8 арцелей і саўгас, у распараджэнні якіх маецца зямлі — 1134 дзесяціны, коней — 79, кароў — 192. Насельніцтва складаецца з 79 сем'яў з агульным лікам едакоў 506».
Пры арганізацыі калектыўных гаспадарак у гэты перыяд захоўваўся прынцып добраахвотнасці. У рэзалюцыі з'езда зямельных аддзелаў Гарадоцкага павета (сакавік 1919 г.) адзначалася: «Заслухаўшы даклад т. Сапёрава (старшыня Гарадоцкага павятовага зямельнага аддзела) аб арганізацыі камун і савецкіх гаспадарак, з'езд абавязвае ўсе валасныя зямельныя аддзелы садзейнічаць стварэнню савецкіх... гаспадарак. Прыняць да выканання палажэнне аб сельскагаспадарчых камунах і растлумачваць пры гэтым, што ніхто сілай у камуну прынуждаць не будзе, бо камуна ёсць добраахвотны саюз працоўных».
У сярэдзіне 1920-ых гадоў у Гарадоцкім раёне, як у цэлым у Беларусі, аснову сельскагаспадарчай галіны па-ранейшаму складалі індывідуальныя сялянскія гаспадаркі.
Задачу стварэння буйных гаспадарак паставіў XV з'езд ВКП(б). 8 чэрвеня 1929 г. удзельнікі нарады прадстаўнікоў калгасаў і іншых кааператыўных аб'яднанняў Гарадоцкага раёна адобрылі «палітыку ўрада БССР у напрамку калектывізацыі, узняцця сельскай гаспадаркі».
У студзені — сакавіку 1929 г. былі створаны 6 калгасаў, а летам у Пралетарскім сельсавеце арганізавалася камуна імя Варашылава. Плошча зямельных угоддзяў яе складала 1500 гектараў, насельніцтва — каля 400 тысяч чалавек. Такая буйная гаспадарка на Віцебшчыне стваралася ўпершыню. Да канца 1929 г. на тэрыторыі Гарадоцкага раёна і далучанага да яго Езярышчанскага было 29 калгасаў, якія займалі плошчу ў 8352 гектары.
29 — 30 снежня 1929 г. у Гарадку праходзіў першы з'езд калгаснікаў раёна. Дэлегатаў віталі прадстаўнікі акруговага і раённага камітэтаў партыі, выканкамаў Саветаў, дэлегацыі з камун імя Леніна і «Чырвоны сцяг».
У рэзалюцыі з'езда чытаем: «Лічыць, што адзіным выхадам з галечы і адсталасці з'яўляецца буйны калгас, бо шматгадовы вопыт паказаў, што ў дробнай гаспадарцы прымяненне складаных машын і земляробчай тэхнікі на шляху індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі немагчыма. Таму з'езд вітае мерапрыемствы райкама КП(б)Б і райвыканкама, якія накіраваны на суцэльную калектывізацыю раёна, і заклікае ўсе бядняцка-серадняцкія масы да хутчэйшага і рашучага ажыццяўлення гэтых мерапрыемстваў».
На з'ездзе за добрую работу ў жывёлагадоўлі члену камуны імя Леніна Шаўчэнку быў уручаны падарунак — паліто, шапка, калошы.
Пастановай СНК БССР ад 12 снежня 1929 г. Гарадоцкі раён быў аб'яўлены раёнам суцэльнай калектывізацыі. У справаздачы Гарадоцкага райвыканкама Наркамзему ад 25 студзеня 1930 г. аб падрыхтоўцы і правядзенні сельскагаспадарчай кампаніі па раёне называліся лічбы калектывізацыі: 82% агульнай плошчы, што складала 149 240 гектараў з колькасцю гаспадарак 10 505. У пастанове райвыканкама ад 10 лютага запісана, што раён калектывізаваны на 100%.
Якім чынам былі дасягнуты такія высокія паказчыкі? Адказ даюць дакументы. У дакладной запісцы члена акруговага камітэта КП(б)Б Жмырко чытаем: «Во многих случаях массовая политическая работа, связанная с коллективизацией, подменялась грубейшими проявлениями администрирования. Следствием такой работы значительная часть земельной площади района оказалась коллективизированной только на бумаге. В связи с администрированием среди колхозников, бедноты и середняков создались нездоровые настроения, подаются целыми группами заявления о выходе из колхозов, мотивируя, что они не подавали заявления о желании вступать в колхоз, а некоторая часть заявляет, что их записывали в колхоз под разного рода угрозами».
Мясцовыя органы ўлады, як у цэлым у Беларусі, праводзілі палітыку раскулачвання, якая закранала і сераднякоў. Нажым у справе калектывізацыі, запалохванне, суцэльнае абагульненне жывёлы і дробнага інвентару прывялі да масавага забою і продажу свойскай жывёлы. Следствам паспешлівасці, памылак, перагібаў у стварэнні калектыўных гаспадарак стаў масавы выхад сялян з калгасаў вясной 1930 г. Многія старэйшыя жыхары раёна помняць гэтыя гады і кажуць: «У калгас то сыходзіліся, то разыходзіліся».
У наступныя гады першай пяцігодкі калектывізацыя ў раёне працягвалася. Да сярэдзіны 1932 г. было арганізавана 295 калгасаў, калектывізавана 6901 сялянская гаспадарка. Працэнт калектывізацыі да канца года складаў 51,9.
У другой і трэцяй пяцігодках завяршыўся працэс стварэння калгасаў. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў межах сучаснага Гарадоцкага раёна дзейнічалі 206 калгасаў (105 — Гарадоцкі раён, 101 — Мехаўскі), якія аб'ядноўвалі звыш 15 тыс. сялянскіх гаспадарак. Калгасы мелі жывёла і птушкагадоўчыя фермы.
Сельскагаспадарчы інвентар складаўся з плугоў, барон, жатак, сенакасілак, конных грабляў, ільномялак, сеялак. Калгаснікі займаліся вырошчваннем зерневых культур, бульбы, ільну; травы займалі нязначную плошчу. Калгасы абслугоўвалі 6 машынна-трактарных станцый, якія мелі 267 трактароў, 31 камбайн і іншыя сельскагаспадарчыя механізмы. Дзейнічала машынна-трактарная майстэрня з нафтарухавіком, генератарам магутнасцю 51 кВт, 13 электраматорамі, фрэзерным, 5 такарнымі і 4 свідравальнымі станкамі.
Сярод калгасаў раёна былі перадавыя гаспадаркі. Значную ролю ў калгасным жыцці 30-ых гадоў адыгрывалі камсамольцы. Так, у калгасе «Полымя» партыйнай арганізацыі не было, а камсамольцаў налічвалася 20 чалавек. Усе яны настойліва вучыліся, набывалі веды ў школе, кружках, на курсах, з'яўляліся арганізатарамі моладзі за высокую вытворчасць калгаснай працы. Пясчаныя глебы калгаса патрабавалі шмат угнаенняў. Камсамольцы праводзілі іх масавую нарыхтоўку. Вясной 1940 г. яны вывозілі на палі гной, попел і птушыны памёт. У ліку іх спраў — уцяпленне жывёлагадоўчага памяшкання, кантроль за расходаваннем фуражу, правільнае кармленне жывёлы. Камсамольцы калгаса «Полымя» выступілі ініцыятарамі будаўніцтва калгаснага вадаёма. Яны ўдзельнічалі ў асушэнні балот, арганізавалі драматычны, харавы і іншыя самадзейныя гурткі, выпускалі насценную газету. Аб камсамольцах гэтай гаспадаркі, іх жыцці, працы і вучобе пісала ў свой час газета «Комсомольская правда».
Праца лепшых калгасных працаўнікоў у перадваенныя гады адзначалася ўрадавымі ўзнагародамі. Так, у 1936 г. ордэн «Знак Пашаны» атрымаў брыгадзір калгаса «Чырвоны араты» Вайханскага сельсавета Іосіф Навумавіч Знакаў, брыгада якога сабрала 120 пудоў жыта з гектара, ячменю і вікі 156 і 135 пудоў адпаведна. У складзе брыгады працавалі Канстанцінаў, Шаўчэнка, Мацвееў, Зіноўеў, Сілін, Тарасаў. У 1938 г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагароджаны брыгадзір калгаса «Чырвоная зара» Вайханскага сельсавета Піліп Сцяпанавіч Катаржэўскі. 25,2 цэнтнера ячменю з гектара атрымалі калгаснікі гэтай брыгады.
За ўзорнае кіраўніцтва медалём «За працоўную адзнаку» быў узнагароджаны Васіль Міхайлавіч Харытонаў, які ўзначальваў калгас імя Леніна Вайханскага сельсавета.
Старшыня калгаса імя Крупскай гэтага ж савета Якаў Фёдаравіч Фёдараў і цялятніца калгаса «Запавет Ільіча» з Селішчанскага сельсавета Зінаіда Кірылаўна Лявонава былі ўдзельнікамі Усебеларускай нарады стаханаўцаў жывёлагадоўлі.
Многія передавікі сельскагаспадарчай вытворчасці раёна з'яўляліся ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве.
ЛІТАРАТУРА
1. Драздоў, В. Камунары / В. Драздоў // Беларусь. – 1988. - №2. – С. 2-3.
2. Памяць : Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальная хроніка / уклад. С.І. Садоўская; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 169 – 290.
3. Паўловіч, Л. Станаўленне Савецкай улады на Гарадоччыне / Л. Паўловіч // Гарадоцкі веснік. – 1999. – 6 лістап.
4. Садоўская, С. Напярэдадні вайны / С. Садоўская // Гарадоцкі веснік. – 2003. – 7 кастр.
5. Трусава, А. Рэўкомы ў Гарадоцкім павеце / А. Трусава // Прамень камунізму (Гарадок). – 1990. – 18 студз.
6. Усцінава, А. І вечны бой, пакой ім толькі сніцца / А. Усцінава // Гарадоцкі веснік. – 1999. – 26 кастр.