КЛУБ САМАДЗЕЙНЫХ МАЙСТРОЎ І МАСТАКОЎ "ВЫТОКІ"
Клуб быў створаны ў 1985 г. пры Гарадоцкім краязнаўчым музеі. Ініцыятарамі стварэння і арганізатарамі яго дзейнасці былі З.А. Жолудзь, К.Я. Уверская.
3 1992 г. клуб дзейнічае пры Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору. Аб'ядноўвае 35 майстроў, якія працуюць у жанрах разьбярства, саломапляцення, ткацтва, ганчарства, вышыўкі, выцінанкі. У розныя перыяды існавання клуба яго актыўнымі членамі былі майстры Ф.М. Офенберг, А.Г. Буднікава, М.К. Грузневіч, Г.М. Стасюненя, У.І. Татарыс. У склад клуба ўваходзяць мастакі У.А. Саража, В.А. Фірскоў, В.У. Дубарэзаў, В.Д. Афанасьеў, Г.В. Якушэнка. Творчасць многіх майстроў — такіх, як ткачыха паясоў Н.М. Каралько, ганчар В.І. Семянкоў, вышывальшчыца дываноў К.А. Верамовіч, — вядома за межамі вобласці.
У 1998 г. майстры-ганчары В.І. Семянкоў і А.М. Бараўцова атрымалі прэміі Міністэрства культуры за адраджэнне старажытнай гартаванай керамікі.
Майстар па вышыўцы і ткацтве дываноў Я.Ф. Дзям'яненка ў 1987 г. прадстаўляла народнае мастацтва Беларусі на 2-ім Усесаюзным фестывалі народнай творчасці ў Маскве. Творы разьбяра і мастака В.Ф. Цяцеркіна былі прадстаўлены на 1-ай Міжнароднай выставе «Мастацтва — інсітус» у г. Мінску.
У 1996 г. творы членаў клуба экспанаваліся на 1-ай Міжнароднай выставе «Еўрапейскі двор народных рамёстваў» у г. Браціслава (Славакія). Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца вырабы гарадоцкіх ткачых, ганчароў, майстроў саломапляцення, вышыўкі на абласных, рэспубліканскіх святах і Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
У 1999 г. пераможцам Міжнароднага конкурсу ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў намінацыі «Ткацтва паясоў» стала Н.А. Юшкова.
Членамі рэспубліканскага Саюза майстроў народнай творчасці з'яўляюцца Л.Г. Гаравая, В.Л. Рэут, А.М. Бараўцова.
За час існавання клубам наладжана 140 выстаў. Зберагаюцца традыцыі мясцовых рамёстваў і мастацтва. У 1989 г. калектыву нададзена званне народнага.
Кіраўніком клуба «Вытокі» з'яўлялася Л.Г. Гаравая, цяпер Т.А. Макаранка.
ЛІТАРАТУРА
1. Кожемякин, Л. Руками умельцев / Л. Кожемякин // Віцебскі рабочы. – 2004. – 11 снеж.
2. Мукомол, Л. Между прошлым и будущим / Л. Мукомол // Гарадоцкі веснік. – 2001. – 17 лют.
3. Мукомол, Л. Парад ремесел / Л. Мукомол // Гарадоцкі веснік. – 2004. – 27 сак.
4. Сянькоў, В. Чароўнасць беларускай даўніны / В. Сянькоў // Витьбичи. – 2001. – 19 июня.