ГАРАДОЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ
Важным культурным цэнтрам, зберагальнікам і прапагандыстам гістарычнай спадчыны краю з'яўляецца раённы краязнаўчы музей.
Ён быў адкрыты 24 снежня 1976 г. Узначаліла яго Ларыса Фёдараўна Бандарэнка, яе пераемніцай стала Зінаіда Мікалаеўна Пляскач. На працягу 20 гадоў, спачатку навуковым супрацоўнікам, а з 1984 г. дырэктарам гэтай установы, працавала Кацярына Ягораўна Уверская. Пры яе актыўным удзеле адбылася рэканструкцыя аднаго са старэйшых будынкаў горада, куды ў 1995 г. перамясціўся музей.
Ужо ў канцы 1996 г. пачаў дзейнічаць аддзел прыроды. Геаграфічнае становішча, карысныя выкапні, водная сістэма, ландшафт, ахоўваемыя зоны, помнікі прыроды, расліны, птушкі і жывёлы з Чырвонай кнігі Беларусі, флора і фауна лясоў, балот, вадаёмаў, выкапнёвыя жывёлы, а таксама вучоныя і краязнаўцы, што вывучалі Гарадоцкі край, — тэмы, якія знайшлі адлюстраванне ў яго экспазіцыі. Таксідэрмічныя фігуры звяроў і птушак, зробленыя Віктарам Пятровічам Біруковым і Віталем Сяргеевічам Антаненкам, дапаўняюць прыродныя зоны дыярамнай залы гэтага аддзела.
У 2001 г. адкрыты аддзел этнаграфіі і народных рамёстваў.
Тут шырока прадстаўлены прадметы хатняга ўжытку, ткацтва і вязання, вырабы майстроў ганчарнай, кавальскай і сталярнай справы, царкоўныя рэчы, кнігі, якія паказваюць побыт і вераванні мясцовых жыхароў на рубяжы ХІХ — ХХ стст.
У іншых залах працуюць зменныя выстаўкі разнастайнай тэматыкі.
Афармленне пастаянных экспазіцый і часовых выставак рабілі мастакі Анатоль Ягоравіч Сняжкоў, Васіль Ерафеевіч Ціханенка, Уладзімір Мікалаевіч Вальноў, Уладзімір Фёдаравіч Міхайлоўскі, Вадзім Іванавіч Осіпаў. Некаторыя мастакі і зараз супрацоўнічаюць з музеем.
За час існавання музея сабрана шмат цікавых экспанатаў. Многія жыхары раёна перадалі ў музей дакументы, рэчы, фотаздымкі розных гадоў XX стагоддзя. У ліку іх заслужаны настаўнік Барыс Залманавіч Гордзін, бухгалтар Надзея Сцяпанаўна Багданава, бібліятэкар Фаіна Саламонаўна Каратаева, работніца чыгункі Яўгенія Фёдараўна Дзям'яненка, партыйны работнік Лідзія Міхайлаўна Жукоўская, настаўніца музычнай школы Нора Віктараўна Жукоўская. Каштоўным падарункам настаўнікаў Асі Пятроўны і Віктара Іванавіча Астапенкаў з'яўляюцца матэрыялы, сярод якіх фотаздымкі краявідаў і людзей Гарадоччыны, народныя песні, частушкі, успаміны, гістарычныя звесткі, альбомы.
Цікавасць гэтых і іншых фондаўтваральнікаў да роднага краю, разуменне неабходнасці захавання гістарычнай памяці, здабыткаў і дасягненняў розных пакаленняў выклікаюць павагу і ўдзячнасць.
Шмат гістарычных звестак аб нашым краі, яго людзях, разнастайных прадметаў побыту, дакументаў сабрала Тамара Архіпаўна Шагалеева за пяць гадоў працы навуковым супрацоўнікам у 1990-ыя гады.
У музеі налічваецца больш за 26 тысяч прадметаў асноўнага фонду. 3 іх скамплектаваны шэраг калекцый: дакументаў і фотаздымкаў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зброі і ўзнагарод, быту і этнаграфіі, жывапісу і графікі, ікон, самавараў, філатэліі, нумізматыкі і баністыкі і інш.
Археалагічная калекцыя ўключае каменныя і жалезныя прылады працы, упрыгожванні, кераміку, амулеты. Маецца шмат экспанатаў пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: землякоў і воінаў-вызваліцеляў.
Значную частку музейнага фонду складаюць дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы, творчыя работы знакамітых ураджэнцаў раёна: мастакоў, літаратараў, вучоных, дзяржаўных і ваенных дзеячаў.
У музеі захоўваюцца прыстасаванні, дзеючыя на аснове тора, вынаходнікам якога з'яўляецца ўраджэнец г. Гарадка, ганаровы грамадзянін горада Р.З. Кажэўнікаў. Сям'я Кажэўнікавых падаравала музею каля 30 такіх мадэляў і макетаў. Тут жа дакументы, успаміны, дзённікі нашага земляка. Сабраны звесткі аб рэпрэсіраваных жыхарах раёна, фальклорныя і тапанімічныя матэрыялы. Існуе багатая музейная бібліятэка.
У музеі адбываюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, краязнаўчыя ўрокі, выхаваўчыя мерапрыемствы. Распрацаваны тэматычныя экскурсіі, лекцыі аб прыродзе, гісторыі, людзях Гарадоцкага краю. Найбольш актыўнымі наведвальнікамі музея з'яўляюцца школьнікі, навучэнцы сельскагаспадарчага каледжа і ліцэя. Бываюць госці з блізкага і далёкага замежжа.
3 1997 г. перыядычна праводзяцца чытанні, прысвечаныя вядомай паэме «Тарас на Парнасе» і яе верагоднаму аўтару Канстанціну Вераніцыну, які родам з в. Астраўляны Гарадоцкага раёна.
Вялікая збіральніцкая праца грамадскіх актывістаў і музейных работнікаў, шырокая арганізатарская дзейнасць былой загадчыцы аддзела культуры Зоі Аляксандраўны Жолуд прывялі да існавання ўстановы, якая дае магчымасць ведаць гісторыю роднага краю, не забываць свае карані.
ЛІТАРАТУРА
1. Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. Б.І. Сачанка [і інш.]. – Мн., 1994. – Т. 2. – С. 480.
2. Дединкина, С. В Городокском музее / С. Дединкина // Народнае слова. – 1992. – 23 студз.
3. Захаров, А. Сохранить историческую память / А. Захаров // Гарадоцкі веснік. – 2006. – 26 жн.
4. Логинов, А. Храм Екатерины / А. Логинов // Народнае слова. – 1998 – 18 крас.
5. Мукомол, Л. Путешествие по истории / Л. Мукомол // Гарадоцкі веснік. – 2001.- 8 снеж.
6. Садоўская, С.І. Музей / С.І. Садоўская // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 732-733.
7. Усцінава, А. Таямніцы прыроды ў краязнаўчым музеі / А. Усцінава // Гарадоцкі веснік. – 2002. – 19 лістап.