НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ
Вусная народная творчасць нашага краю — гэта невычэрпная крыніца ведаў, аптымізму, гумару. Жанры мясцовай вуснай народнай творчасці разнастайныя: прымаўкі, прыказкі, загадкі, прыкметы, легенды, паданні, быліны, забаўлянкі, казкі, замовы, пацешкі, заклічкі, прыгаворкі і інш. Вельмі шырокі пласт народнай культуры — песні і прыпеўкі.
Тэрыторыя Гарадоцкага раёна заселена носьбітамі паўночна-беларускіх гаворак. Наша мова вельмі блізкая да мовы жыхароў Куньінскага і Усвяцкага раёнаў Пскоўскай вобласці, Веліжскага раёна Смаленскай вобласці. Этнографы здаўна заўважылі гэта. А.М. Семянтоўскі ў 1872 г. пісаў, што ў Гарадоцкім павеце замест [ш] вымаўляюць [с], замест [ч] і [т] выкарыстоўваецца [ц] і замест [ф] — [х]. У 1895 г. гэта ж заўважыў і занатаваў М.Я. Нікіфароўскі. I ў нашы дні ў многіх вёсках можна пачуць «цыгун» замест «чыгун», «руцэшка» замест «ручэшка» (пасма льну пры яго ўборцы). Этнографамі запісана шмат дыялектызмаў. Яны і зараз адрозніваюць вусную мову жыхароў краю ад гаворак насельнікаў іншых беларускіх тэрыторый. А ў пачатку XX ст. аблокі называлі ў Гарадку булакамі, ластаўку — каршняком (в. Аўзейкава), сыраежкі — акубкамі ( у Езярышчы ).
Роднае слова — гэта першае, з чым сустракаецца чалавек у жыцці. Старымі забаўлянкамі карыстаюцца ў нашых вёсках і да сённяшняга дня.
Высокай мастацкай формай, глыбінёй зместу вызначаюцца загадкі. Яны развіваюць кемлівасць, адлюстроўваюць жыццёвы вопыт людзей. Іх можна падзяліць па зместу на некалькі значных тэм: прырода і чалавек, гаспадарка і быт, культура, загадкі-жарты.
Захавалася шмат прыказак і прымавак.
Асаблівую цікавасць выклікаюць прымаўкі і прыкметы каляндарнага года.
Запісаны краязнаўцамі і мясцовыя жарты, анекдоты мінулых гадоў.
Казкі Гарадоцкага краю вучылі дабрыні, асуджалі сквапнасць.
Народная песенная творчасць Гарадоччыны багатая. Многія творы дажылі да нашых дзён разам з абрадамі, часткай якіх з'яўляюцца. Гэта калядныя песні, масленкі, юраўскія, веснавыя, велікодныя, купальскія, пакосныя, жніўныя, восеньскія, сямейна-абрадавыя (радзінна-хрэсьбінныя, вясельныя) і інш.
ЛІТАРАТУРА
1. Вяселле ў весцы Вярэчча Гарадоцкага раёна // Традыцыйныя вяселлі Віцебшчыны (у сучасных запісах) : метадычны дапаможнік / запіс, літ. апрац. і натаванне Т.Б. Варфаламеевай. – Мн.,1988. – С. 11-60.
2. Невычарпальная крыніца // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 754-759.
ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ
"Панскай работы не пераробіш"
"Да Юр'я хлеба і ў дурня" (в. Палешына, запісана Н.А. Канінай)
"Не адзін Гаўрыла ў Полацку" (в. Лажані)
"Пану верна не служы, жонцы праўду не кажы" (в. Рудня),
"Горка рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды йдуць" (Гарадок, запісаў Палескі ў 30-ыя гады)
"Не той чарвяк, што мы ядзём, а той, што нас з'есць" (в. Седуны)
У в. Хвошна запісана М.Я. Нікіфароўскім прыказка, якая нарадзілася не ад добрага жыцця:
"Ніхто не відаў, як Бог напітаў, а калі хто і відзеў, дык не сабідзеў».
3 глыбіні стагоддзяў даходзяць да сучаснікаў памяркоўныя словы продкаў:
"Які пень, такі і клін, які бацька, такі і сын"
"Свайго добрага не хвалі і чужога дрэннага не заганяй"
"Не выгаляй глазы на чужое" (так кажуць паўсюдна на Гарадоччыне),
"Салому еш, а фасон дзяржы" (в. Астраўляны).
Цікавыя выслоўі бытуюць у Палешыне:
"То не бяда, што ў жыце лебяда, няма больш бяды: ні жыта, ні лебяды"
"На базары і бык цельны"
"Лёгка бярэцца, ды цяжка аддаваць"
"Сава не ўродзіць сакала" (в. Палешына, збірала Н.А. Каніна)
МЯСЦОВЫЯ ЖАРТЫ, АНЕКДОТЫ МІНУЛЫХ ГАДОЎ
— Свацця, дай малака.
— Карова не доіцца.
— Дык тады дай хоць смятаны
(в. Астраўляны)
— Во парсюк у мяне быў: праз парог не пералезе. А як прыйшлі калоць, дык ён у дзірачку пад парогам — шусь!
(в. Астраўляны)
— Скажы, Аўдуля, як гэта Лёньку Вольгінага завуць?
— Антонам, кажысь
(в. Янова)
— Як мы з кумам біліся, ды я яго мяшком — бух! бух! А ён мяне абушком — цюк! цюк! Дык ён спалохаўся ды бягом! А мяне, як пана, на насілках панеслі!
(в. Астраўляны)
КАЗКІ ГАРАДОЦКАГА КРАЮ
КАЗКА, ЗАПІСАНАЯ Ў ВЁСЦЫ ХАЛАМЕР'Е
Жылі дзед і баба. Жылі яны ўдвух. Ну так жылі яны, жылі. Пост адыходзіць большы, вось гэты, к Паске, сем тыдняў.
Яны ляглі спаць. Загавелі. (Раней жа загаўляліся: ужо мяса там з'ядуць ці што, а калі нешта засталося, гэта ўжо не ядуць — пост.) Спалі яны, спалі — прачнуліся. (Раней жа запалак не было, раздувалі ўсё агонь з жару, з вугольчыка. Насыпаюць у ямкі вуголля, у печкі ямкі былі такія панароблены. Туды попелу наверх накапаюць, і заўсёды там агонь ёсць. Гэта раней так было, бо не мелі запалак.)
Прачнуліся дзед з бабай. У ямцы той холад: нічога ў іх няма.
— Баба, у брата святло гарыць, пайду я, — гаворыць дзед, — жарынку прынясу раздуць, каб агонь быў.
Пайшоў да брата, а брат кажа:
— Што ты, брат, здурнеў?! Сёння Паска, а я табе буду жар даваць.
Ну што ж, не даў яму брат жарынку. Ідзе дамоў, глядзіць: гарыць у полі далёка-далёка агеньчык.
— Пайду я, — кажа, — прынясу адтуль вугалёк раздуць святло, няма ж святла.
Вось дзед пайшоў. А там сядзіць дзядулька з кіёчкам каля агню каля гэтага. Ён прыйшоў і гаворыць:
— Дзень добры, дзядулька. Той паглядзеў і кажа:
— Дзень добры! Што ж ты ходзіш, дзед? — Гэта той кажа, што каля агню сядзеў.
— Кармілец мой, — гаворыць, — няма ў мяне агеньчыка. Я, — гаворыць, — пайшоў да брата, а брат кажа: «Паска сёння», і не даў мне жарынку.
— Да, — гаворыць дзядуля, што ля агню сядзеў, — сёння Паска. Давай палу.
— Авой, дзядок, у мяне ж пала згарыць, а ў мяне надзець нечага, толькі насавок гэта адзін.
— Не згарыць, дзед, не бойся. Налажыў яму жару гэтага сюды, у палу, і сказаў:
— Нясі гэту жарынку, пакладзі ў печку і пакладзі ў хлявок, у клець — усюды пакладзі па жарынцы.
«Як жа я буду класці ўсюды? Ну вось сказаў жа дзядуля, трэба рабіць». Прыйшоў дадому, паклаў гэтак усё. Як стала ў гэтага дзеда ўсяго шмат! I ежы, і адзення, ужо што толькі на свеце ёсць, апынулася ў хаце гэтага дзеда. Тады дзед кажа:
— Баба, пайду я брата ў госці запрашу.
— Ідзі, — кажа, — мы ж не пап'ем і не з'яздзім. Столькі дабра ў нас!
Прыйшоў да брата, гаворыць:
— Брат, хадзіце вы да нас у госці. Пасядзім разам.
Брат пераглянуўся з жонкай.
-- Ну, ладна, — гаворыць, — прыйдзем.
Пайшоў дамоў дзед, які ў госці запрасіў, а яны ўжо паміж сабой гавораць:
— Пойдзем, — гавораць, — хоць пасмяёмся : толькі прыходзіў па агонь, і ўжо прыйшоў у госці запрашаць.
Ну вось прыйшлі. Як глянулі на гэтага брата, што ў яго ёсць. Ай-яй-яй!.. Пілі, елі, гулялі. Пайшлі. Прышлі дамоў, і гаворыць брат жонцы ўжо:
— Ну, баба, і я заўтра так зраблю. Заліём усё, патушым усё, а я пайду к таму дзядулю ў поле.
Вось так і зрабілі. Прыйшоў брат у поле да таго дзядулі. Той паглядзеў і кажа:
— Што скажаш, чалавек?
— А, — гаворыць брат, — агеньчыка ў мяне няма, дык я і прыйшоў прасіць вугольчык.
— Ха-ха! Паглядзі назад, — гаворыць дзядуля, — колькі ў вас агню!
Паглядзеў брат, а ягоныя ўсе здабыткі гараць: і пабудовы, і хаткі — усё пагарэла. I агеньчыка дастаў.
Вось такая казка.
(Запісана супрацоўнікамі Дома рамёстваў ад Сеўруковай І. Г. у 1993 г.)
НАРОДНАЯ ПЕСЕННАЯ ТВОРЧАСЦЬ
Песенька даўняя, песенька матчына:
«Старонка родная, радзімы край...»
Ільнінка кожная ў яе занесена,
Гарушка кожная — з яе ўзлятай!
Ты з гэтай песенькай рэдка сустрэнешся:
Усе грымлівыя гучаць цяпер.
Але нядоўга ўжо. Напеў той вернецца,
Усім спатрэбіцца, ты мне павер.
Пра белы росанькі, пра зграю воранаў,
Пра кроў гарачую ды на снягу...
I песню ціхую, песеньку матчыну
Ў натоўпе горада я зберагу.
Калі, здарожаны, з яе мелодыяй
Да маёй рэчанькі падыдзе ўнук,
Адмые стомленасць вадой халоднаю,
Шчаслівы ўзыдзе ён на зелен луг,
Песенька ціхая, песенька матчына:
«Старонка родная, радзімы край...»
I гэту простую, святую спадчыну
Таму, хто ўслед ідзе, ты перадай.
Нашы вяснянкі — вясёлыя, гарэзлівыя, як песня «Ляцеў бабёр чэраз двор», што запісана ў нашым раёне Павецьевай Л.І. («Веснавыя песні». Мн., 1979. С. 176).
У юраўскіх песнях выказваецца спадзяванне на добры ўраджай, бо вобраз Юр'я — вобраз апекуна зямлі, жывёлы, людзей.
Юрый матку кліча:
— Падай, матка, ключык
Адамкнуць зямліцу,
Выпусціць расіцу
На лён, на пшаніцу,
На ранняе лета,
На буйнае жыта...
(Запісана ў Гарадоцкім раёне І.К. Цішчанкам, змешчана ў кнізе “Веснавыя песні”, с. 163.)
А ты, Юр'я, Мікола,
Абыдзі жыта наўкола.
Юр'я кажа: «Абыду».
Мікола кажа: «Пагляджу».
Юр'я кажа: «У пучочку».
Мікола кажа: «У каласочку».
— Дзе ты, Юр'я, урасіўся?
Дзе ты, Мікола, умачыўся?
— Горы, межы ходзячы,
— Жыта, пшаніцу родзячы,
— Жыта, пшаніцу — то дабро.
— Да дай, божа, на лета
— Лепшую ўроду за гэта.
(Запісана ў Гарадоцкім раёне А.С. Фядосікам, змешчана ў кнізе «Веснавыя песні». с. 172—173.)
У нашай мясцовасці запісаны веснавыя песні, у якіх свята Юр'е называецца Ягор'ем. Прыкладам можа служыць песня, запісаная ў Межанскім сельсавеце настаўнікамі Астапенкамі і іх вучнямі.
У нас сённі Ягорый, Ягорый.
Сабраліся бабы на горы.
А на горе бабы сядзелі,
Кулаком зямлю вярцелі,
Пра нявестушак судзілі,
А дачушак хвалілі...
Купальскія песні адносяцца да летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору, імі суправаджаўся збор кветак, карагоды ля вогнішча, пусканне вянкоў: тут яскрава праяўляецца культ раслін і продкаў. Вялікае месца займае жаданне кахаць, прыгожы і рамантычны вобраз Купалкі, Купалінкі, якая з'яўляецца апякункай моладзі:
Купалінка, Купалінка,
Ноч маленька.
— Дзе твая дочка?
— Мая дочка ў садочку,
— Рве ў садзе цвяточкі,
— Рве цвяточкі, павіваець,
— На галоўке прымераець.
(вёскі Межанскага сельсавета)
Жніўныя песні славілі працу чалавека. Яны адносяцца да самых старажытных пластоў народнай творчасці. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя, дажынкавыя. У дажынкавых песнях нашай мясцовасці даволі пашыраны напеў скаргі жней на цяжкую працу. Жняя жаліцца: «Баліць мая сярэдзінка». Запісана песня, дзе жанчына зайздросціць тым, хто прыйшоў на пожню з немаўлятамі, бо яны могуць адпачыць, калі кормяць ці закалыхваюць дзіця.
Ды я жала да вечара, божа ж мой!
Ды я жала да вечара, божа ж мой!
Баліць мая сярэдзіна, божа ж мой!
Баліць мая сярэдзіна, божа ж мой!
Каб я мела дзетачак, божа ж мой!
Каб у мяне маленькае, божа ж мой!
Можа 6, яно заплакала, божа ж мой!
Можа б, яно заплакала, божа ж мой!
Дык я б яго скалыхнула, божа ж мой!
Дык я б яго скалыхнула, божа ж мой!
Сярэдзіна б адпачнула, божа ж мой!
(в. Вархі, в. Канашы)
Жніўныя песні маюць магчымасць расказаць аб прыгоне.
А на двары змяркаецца,
Сям'я ў ізбу збіраецца.
Толькі няма прыгонніцы,
Прыгонніцы-нявольніцы.
А ў прыгоні многа няволі,
Забаляць рукі ад работы,
Сярдзечухна ад спякоты,
Галовухна ад жароты.
(Кожны радок паўтараецца двойчы.)
(в. Болецк Гарадоцкага павета, запісана Я. Пятровым у 1912 г.)
Вяселле — значная падзея ў жыцці чалавека. Вясельная песенная паэзія ў гарадоцкім фальклоры разнастайная. У песнях — настаўленні-парады маладым і ўдзельнікам вяселля. Многія песні маюць магічны змест, яны выконваюцца хорам. Зрэдку чуюцца інтанацыі галашэння.
Шмат вясельных песень, запісаных у Гарадоцкім павеце і раёне, змешчаны ў кнігах «Вяселле: Песні». Кн. 1—6. Мн., 1980—1988. (Беларуская народная творчасць.) Ёсць сярод іх «заручынныя», «аб паездцы маладога», песні суборнай суботы і інш.
Наступная песня адносіцца да заручынных. Так моцна гучыць у ёй матуліна туга перад расставаннем і бязмежная любоў да дачкі:
У суботу, на нядзелю
Галубы прыляцелі.
Княгінька не ўвазнала,
У маткі папытала:
— Матухна мая, родная мая,
Што ж гэта за галубы,
Што ж гэта за сізыя?
Бел кужаль паклычылі,
Гарошак рассыпалі.
— Дачухна мая, родная мая,
— Яшчэ ж ты дурненька:
Бел кужаль — косы твае,
Гарошак — слёзы твае,
Галубы — сваты твае.
(Запісана ў 1873 г. у Гарадоцкім павеце Шышковічам Н.К.)
У творах, якія расказваюць, як малады збіраецца ехаць і едзе да маладой, называюць яго «сокалам на вылёце». Нявеста ж характарызуецца так:
На ёй сукня зялёная,
На галоўцы пярлоў венчык,
На ручаньцы золат персцень.
Каня называюць ласкава: «кося», «кося мой вараненькі». Распавядае вясельная песня аб дарозе жаніха, дзе сустракаецца яму заінька, які прадказваў лёс.
Існавала ў Гарадоцкім павеце такая песня аб паездцы да шлюбу:
— Коні, коні мае, коні вараныя,
— Надзейцеся на сілу.
Ці прывезяце княгіню?
— Прывязем княгіню
Пад тую гару крутую,
Пад тую цэркву святую.
Попе, попе, бацька наш,
Вянчай свадзебку ў добры час.
Не поп свадзьбу вянчаець,
Добрая гадзіна злучаець.
(Запісана П.В. Шэйнам.)
Радзінныя песні асноўным сваім сэнсам мелі дбанне аб долі дзіцяці.
Сягонняшні вечарок у небе зазвінела,
Прачыстая Маць у Бога долі прасіла:
— Божухна, якую ты долю дасі етаму нараджэнцу, ці хлебавую, ці грашовую, ці вянчальную?
— Я дам долю і хлебавую, і грашовую, і вянчальную.
(Запісана Раманавым у в. Болецк Гарадоцкага павета.)
Сярод песень шмат якія апавядаюць аб цяжкай працы і трагічным лёсе землякоў. Існуюць любоўныя і сямейныя песні, звязаныя з рускай фальклорнай традыцыяй. Напрыклад, песня «Кацілася бочачка дубовая», якая запісана ў Обалі.
У сувязі з адыходніцтвам, з міграцыяй насельніцтва з вёскі ў горад і назад з'яўляліся ў нашай мясцовасці песні рускіх рабочых. У 1978 г. быў запісаны ў нашым раёне варыянт песні «Аляксандраўскі цэнтрал», дзе выказана асуджэнне цару, які называецца гаспадаром гэтай злавесна вядомай катаржнай турмы:
Гэты дом, барын, казённы,
Аляксандраўскі цэнтрал.
А хазяін сяму дому Сам Раманаў Нікалай...
(Кабашнікаў К.П. Беларуска-рускія фальклорныя сувязі. М., 1988. С. 193.)
Шмат спяваюць песенніцы творы былых гадоў, якія можна аднесці да гарадскога фальклору.
Прыпеўкі — своеасаблівы жанр народнай творчасці. У нашай мясцовасці яны спяваюцца на матыў «Барыні», «Цыганачкі», «Сямёнаўны», «Суботы», «Лявоніхі». Змест іх адлюстроўвае многія бакі народнага побыту. Гэтыя творы маюць гумарыстычную афарбоўку, іх можна назваць сатырычна-песеннай энцыклапедыяй нашага краю. Сярод слоў аб каханні, аб адпачынку і працы земляроба — шмат адлюстраванняў элементаў побыту былых часоў.
Вострыя на язык дзяўчаты выносяць прыгавор няўдаламу сватаўству, іранічна малююць дэталі вопраткі хлопцаў: смяюцца з рабых мужчынскіх штаноў, якія ткаліся «ў ёлачку», і г.д.
Мяне сваты сваталі,
Сваточкі багатыя,
Восем коней, сем кароў,
Толькі хлопец не здароў.
(в. Хмяльнік)
Нашы мальцы задаюцца,
Перад нам куражуцца,
Штаны рабыі надзелі,
Путам падпіряжуцца.
(Халамерскі с/с)
Чуецца ў прыпеўках XX ст. водгук на падзеі, якія былі значнымі для жыцця. Такая з'ява, як хутары, на якія адышлі многія сяляне ў пачатку XX ст., не магла застацца без увагі ў аўтараў прыпевак, і адносіны ў ёй да хутара іранічныя:
Мой мілёнак задаецца,
Што на хутары жывець.
Адна курыца сляпая,
Ды і тую прадаець.
Больш познія прыпеўкі прысвечаны калгасу, працы на полі.
Мілы піша: «Прыязджай,
Ў горадзе ўстройся».
Мне ў калгасе харашо,
Лепей супакойся.
У каго мілога нет,
Прыхадзіце ў сельсавет.
У сельсавеце разбяруць,
Па мілёначку дадуць
Забаўлялкі
Ладкі-ладкі,
Паповы рабяткі,
Гарох малацілі,
Цапы паламалі,
За печ закідалі.
Поп зваліўся з печы,
Пабіў сабе плечы,
Папіха з палаць,
Пабілась аб краваць.
Курыца з паліцкі
Разбіла гаршчочкі-міскі,
Пятух з ямкі
Пабіў усе шклянкі.
(Запісана ад Сняжковай з в. Сілкі Прудніцкага с/с)