РАМЁСТВЫ
ГАРАДОЦКІ ДОМ РАМЁСТВАЎ І ФАЛЬКЛОРУ
Дом рамёстваў і фальклору аддзела культуры Гарадоцкага райвыканкама быў створаны ў снежні 1992 года. Яго адкрыццё было выклікана вострай неабходнасцю спыніць працэс знікення мясцовых рамёстваў, традыцый, асаблівых з’яў фальклору і самадзейнай мастацкай творчасці.
3 першых дзён існавання была пачата грунтоўная работа па даследаванні мясцовых рамёстваў і збору іх лепшых узораў : старажытных ручнікоў і іх фрагментаў, дываноў, посцілак, прадметаў лозапляцення, разьбы па дрэве і інш. Калекцыя знойдзеных падчас экспедыцый прадметаў народнага мастацтва Гарадоччыны і стала асновай для аднаўленчай работы па ўсіх відах рамёстваў.
Адноўлена 20 відаў традыцыйных тэхналогій. Створаны і выкарыстоўваюцца ў аднаўленчай і асветніцкай рабоце: звод арнаментаў Гарадоччыны, фанатэка мясцовага фальклорнага матэрыялу, этнаграфічны фонд прадметаў народнага мастацтва.
Зараз у Доме рамёстваў дзейнічаюць 12 гурткоў традыцыйнага мастацтва, Народны клуб самадзейных мастакоў і майстроў "Вытокі", дзейнасць якога накіравана на адраджэнне, развіццё і папулярызацыю традыцыйных промыслаў, падтрымку майстроў - носьбітаў аўтэнтычных традыцый.
Важкі ўклад у дзейнасць па збераганні мясцовых традыцый зрабілі супрацоўнікі Дома рамёстваў і фальклору, узнавіўшы комплекс народнага адзення Гарадоччыны. Імі сабраны матэрыялы, якія ўключаюць апісанне асаблівасцей мясцовага краю і вырабу адзення, абутку і галаўных убораў.
Праца супрацоўнікаў Дома рамёстваў выклікае цікавасць і высока ацэньваецца аматарамі этнаграфіі і рамёстваў.
За станоўчую работу па адраджэнні традыцыйных тэхналогій майстры неаднаразова адзначаліся ганаровымі ўзнагародамі.
У 2000-м годзе Прэмію Міністэрства культуры за адраджэнне старажытнай тэхналогіі гартаванай керамікі атрымала дырэктар Дома рамёстваў Бараўцова А.М. У гэтьм жа годзе Гаравая Л.Г. стала пераможцай на І-м Рэспубліканскім свяце-конкурсе выцінанкі "Ажурныя фантазіі".
У 2001-м годзе майстрыха па ткацтве ручнікоў Гушча М.Л. стала пераможцай Міжнароднага конкурсу ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
У 2003-м годзе на І-м абласным конкурсе ткацтва "Матчыны кросны" Гушча М.Л. і Тарасенка Т.М. занялі Першыя месцы ў намінацыях "Ткацтва ручнікоў" і "Ткацтва паясоў" у г. Лепелі.
У 2004-м годзе майстрыха спіральнага пляцення Гаравая Л.Г, атрымала стыпендыю Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці за калекцыю кублаў. Гушча М.Л., майстар па ткацтве, атрымала Першае месца на абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства ў намінацыі "Адраджэнне традыцыйнай культуры". Майстар саломапляцення Рэут В.Л. стала лепшай у намінацыі "Галаўны ўбор" на І-м абласным свяце-конкурсе саломапляцення "Папараць-кветка". А вопытнейшая майстрыха па ткацтве паясоў Каралько Н.М. атрымала званне "Народны майстар Рэспублікі Беларусь".
У 2004-м годзе за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі "Лепшы Цэнтр, Дом рамёстваў" Гарадоцкаму Дому рамёстваў і фальклору была прысуджана Першая прэмія.
У 2005-м годзе Гаравая Л.Г., Бараўцова А.М., Дзям'яненка Я.Ф., Гваздзёў У.І., Семянкоў В.І., Рэут В.Л., Міснікава Т.У., Каралько Н.М., Гушча М.Л., Тарасенка Т.М. сталі лаўрэатамі абласной выставы "Жывая легенда". У гэтым жа годзе майстар клуба Гваздзёў У.І. удзельнічаў у абласным конкурсе разьбы па дрэве "Дрэва жыцця", які праходзіў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" і стаў пераможцам у намінацыі "Круглая пластыка".
ЛІТАРАТУРА
1. Вішнеўскі, С. Дом стаіць, святло гарыць... / С. Вішнеўскі // Чырвоная змена. – 1993. – 5 сак.
2. Гаравая, Л. Вечназялёнае дрэва рамёстваў / Л. Гаравая // Гарадоцкі веснік. – 1999. – 12 студз.
3. "Гарадоцкая кераміка” // Витебский курьер. – 1998. – 18 февр.
4. Іваноўскі, Ю. З жыватворных глыбінь / Ю. Іваноўскі // Віцебскі рабочы. – 1992. – 22 сак.
5. Мукомол, Л. Сотворение красоты / Л. Мукомол // Гарадоцкі веснік. – 2001. – 25 жн.
6. Немцов, К. Под крышей Дома ремёсел / К. Немцов // Віцебскі рабочы. – 1998. – 17 студз.
7. Никольская, Л. Грамотой Витебской православной Епархии [награждён Городокский Дом ремёсел] / Л. Никольская // Гарадоцкі веснік. – 2003. – 11 студз.
8. Сеньков, В. Обратись к истокам свом / В. Сеньков // Витьбичи. – 2003. – 21 авг.
9. Шагалеева, Т.А. Дом рамёстваў і фальклору // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 733 – 734.
ГАНЧАРСТВА
Ганчарства, як выраб з гліны прадметаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння, зарадзілася падчас неаліту. Са з'яўленнем ганчарнага круга вылучылася як рамяство. У XIX ст. фармовачную масу рабілі шляхам яе пластычный апрацоўкі. Пасля фармавання на ганчарным крузе посуд абпальвалі. У XIX — пачатку XX ст. у вёсках ганчарства было пабочным ад земляробства промыслам і базіравалася на сямейнай працы, а ў гарадах спалучалася з наёмнай. Вясковыя рамеснікі прадавалі або абменьвалі вырабы на збожжа. Ганчарства на тэрыторыі раёна заўсёды было адным з самых запатрабаваных промыслаў. Вось як апісвае гарадоцкую кераміку адзін з вядомых даследчыкаў-этнографаў Я.М. Сахута:
Найбольшага развіцця промысел дасягнуў у XIX — 1-ай палове XX ст. Чырвонагліняная паліваная і непаліваная кераміка гаспадарчага прызначэння (гаршкі, збанкі, гладышы, глякі, вазонніцы, міскі) вызначаецца простымі пластычнымі формамі з мякка апрацаванай паверхняй, светлы тэракотавы колер якой падкрэсліваецца маляўнічымі падцёкамі палівы фіялетава-карычневага колеру. Калекцыі зберагаюцца ў Дзяржаўным музеі БССР, Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ АН БССР. (Этнаграфія Беларусі. Мн., 1989. С. 141.)
Выраблялі з гліны латкі, міскі, карчагі, гарлачы, жбанкі, дваёнышы, траёнышы, гліняныя цацкі. 3 сярэдзіны XIX ст. вясковыя майстры засвойваюць тэхніку пакрыцця керамікі глазуравай палівай, гэта паліва надавала гарадоцкім вырабам ружова-карычневы колер. Гарадоцкія вырабы адрозніваюцца зграбнымі вертыкальнымі формамі. Паўночныя часткі раёна карысталіся керамікай з вёскі Калдобкі Невельскага раёна. У адрозненні ад гарадоцкай гэта кераміка мела раўнамерны карычневы колер, паліва была празрыстая, нанесеная роўна, без пацёкаў. У Гарадоцкім музеі знаходзяцца вырабы майстроў з вёскі Калдобкі, імі карысталіся жыхары вёскі Антоненкі і іншых населеных месцаў сучасных Халамерскага і Віраўлянскага сельсаветаў.
Адны са знакамітых гарадоцкіх ганчароў – Сцяпан Сідаравіч Амасовіч і Уладзімір Іосіфавіч Татарыс.
АМАСОВІЧ Сцяпан Сідаравіч (1889 — 1968) – адзін са старэйшых гарадоцкіх ганчароў. Ён нарадзіўся, жыў і працаваў у Гарадку на вуліцы Кладбішчанскай (зараз Лугавая). Яго бацькі мелі ўчастак зямлі і займаліся ганчарствам. У сям'і, дзе рос Сцяпан Сідаравіч, было 5 дзяцей, чацвёра мелі ганчарныя навыкі, старэйшы, Сцяпан, вучыў сваіх братоў Ягора, Кліма, Мікалая рамяству. Сцяпан Сідаравіч яшчэ ў маладосці адкрыў невялікую ганчарную майстэрню, дзе працаваў адзін, вырабляў жбанкі, глякі, цацкі-свістулькі ў выглядзе птушак, бочачкі (сярод іх былі вырабы ёмістасцю да 20 літраў), гаршкі, талеркі. Посуд меў лёгкія формы. Некаторыя яго вырабы былі настолькі трывалымі, што ў іх можна было гатаваць ежу ў печы.
У 1930-ыя гады С.С. Амасовіч стаў членам ганчарнай арцелі ў Гарадку. У часы Вялікай Айчыннай вайны працаваў дома, і сям'я мяняла ганчарныя вырабы на прадукты. Пасля вайны, да 1953 г., Сцяпан Сідаравіч працаваў у Гарадоцкім ганчарным цэху, дзе быў старшым майстрам і перадаваў ганчарныя навыкі. Ён вучыў рамяству В.І. Семянкова, які нарадзіўся ў вёсцы Вайханы, працаваў у Гарадоцкім ганчарным цэху і стаў адмысловым майстрам. Яго творы вызначаюцца прастатой, некаторай шурпатасцю паверхні ручкі і донца.
Ганчарная арцель утварылася ў Гарадку ў 1930-ыя гг., яна стала вытворчым цэхам райпрамкамбіната, потым раённага камбіната бытавога абслугоўвання, затым адносілася да Віцебскага аб'яднання «Будаўнік». У 1993 г. цэх быў закрыты. Узнавіў ён сваю дзейнасць у 1999 г. Старэйшымі гарадоцкімі майстрамі і работнікамі ганчарнага цэха былі К.Я. Куксінскі і ганчар Альхоўка. Арганізацыйнай дзейнасцю цэха займаліся Шалкоўскі і Захараў. У лепшыя свае гады арцель мела 5 коней, адну машыну-палутарку. У Гарадку цэх называлі проста «ганчаркай». Папулярнасцю карысталіся на выставах і ў продажы вырабы гарадоцкіх майстроў, іх адрозніваў тэракотавы колер, лёгкасць і прастата форм.
ТАТАРЫС Уладзімір Іосіфавіч (1925 — 1986) - адзін са знакамітых гарадоцкіх ганчароў. 3 дзяцінства яго цікавіла гэта рамяство. 3 13 гадоў пачаў вучыцца ганчарнай справе. У ганчарным цэху Гарадка працаваў амаль 40 гадоў. У мастацкіх выставах удзельнічаў з 1970 г. Быў лаўрэатам 1-га і 2-га Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці. Доўгі час у Віцебскай вобласці ён быў вядучым майстрам ганчарнай справы. Выкарыстоўваў У.І. Татарыс лепшыя дасягненні гарадоцкай керамікі. Яго творы вызначаюцца яркасцю палівы. Ім выкарыстоўвалася асобая тэхналогія абпальвання. Пры гэтым гарадоцкая чырвоная гліна надавала яго вырабам тэракотавы колер, фіялетава-карычневая паліва з пацёкамі рабіла кераміку асабліва маляўнічай. Формы яго твораў простыя, паверхня апрацавана мякка. Творы майстра карысталіся попытам у мясцовага насельніцтва. Многія з іх бытуюць і зараз выконваюць сваю функцыю. Так, у в. Паташня Першамайскага сельсавета амаль у кожным доме маюцца жбаны, вазоны, вырабленыя ў тэхніцы, характэрнай для гэтага майстра. Зараз традыцыі старых майстроў зберагаюцца і адраджацца ў гуртках раённага Дома рамёстваў і фальклору.
ЛІТАРАТУРА
1. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : У 6 т. / Т.Б. Варфаламеева. - Мн. : Бел. навука, 2001- Т. 2 : Віцебскае Падзвінне, с. 895 – 897.
ЛІТАРАТУРА
1. Конан, М. Каб круг ганчарны не спыняўся... / М. Конан // Віцебскі рабочы. – 1978. – 10 лют.
2. Цэнтр рамяства // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал. С.В. Марцэлеў [і інш.]. - Мн., 1985. - С. 204-205.
3. Шагалеева, Т.А. Ганчарства / Т.А. Шагалеева // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 779-780.
ГАРБАРСТВА І ШАВЕЦТВА
Гэта рамяство па вырабе скуры для пашыву абутку. Сыравінай служыла скура быкоў, цялят, кароў-ялавак, авечак, коз. Працэс вырабу скуры складаўся з падрыхтоўчых аперацый, дублення і апрацоўкі. Апрацоўка ўключала фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне, струганне, мяцце. Гарбарні былі невялікімі. Там працаваў гаспадар і члены яго сям'і.
У наш час яшчэ ўспамінаюць знакамітых шаўцоў П.І. Калбанава (в. Беразнякі), Антона Якіменку (в. Лажані),І.П. Еўдакімава (г. Гарадок). Апошні жыў на вуліцы Лугавая, яго майстэрства было ацэнена сучаснікамі: заказаў было шмат, а калі пісалі да яго, то вуліцу маглі не ўказваць, а проста стаяла замест адраса: «Гарадок, Івану Пятровічу». Ліст майстар заўсёды атрымліваў. Настаўнікам яго ў шавецкай справе быў жыхар з Невельскай вуліцы Канстанцін Яфрэмаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Заняткі жыхароў нашага краю // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 770-773.
КАВАЛЬСТВА
Кавальства вядома ў нашым краі з часоў жалезнага веку. 3 жалеза выкоўвалі рэчы гаспадарчага і бытавога прызначэння. У кузнях выконвалі такія віды работ, як коўка дэталяў транспартных сродкаў (калёс, санак, вазкоў, брычак), выраб сельскагаспадарчага інвентару (сярпоў, сашнікоў, матык), слясарнага і сталярнага інструменту (сякер), прылад хатняга ўжытку (секачоў, крукоў, віл), прыстасаванняў для пабудовы і аснашчэння жылля (завесаў, клямак, замкоў) і інш.
У Верамееўцы ў пачатку XX ст. жыла сям'я Кузняцовых, члены якой былі кавалямі. Знакамітымі кавалямі былі Давід Бас (г. Гарадок), С.А. Вараб'ёў (в. Даўгаполле), Максімаў (в. Ціты). Д.Л. Шкрэдаў з хутара Бадзяі меў сваю кузню, якая зберагалася да 70-ых гадоў XX ст. Г.П. Лук'янава з в. Аніські землякі ўспамінаюць як добрага каваля і цесляра. У фондах Гарадоцкага музея захоўваюцца вырабы мясцовых майстроў (падковы, клямкі, ухналі і г.д.).
Кавальства — рамяство спадчыннае. Кузні былі ў многіх вёсках, у Гарадку ў 1898 г. было 12 кавалёў, 6 рабочых і 7 вучняў. Кузня ўяўляла сабой драўлянае збудаванне з земляной падлогай, з горнам і кавадлам. Кавальства было пашырана ў раёне доўгі час, а патрэба ў вырабах і справе каваля існуе і зараз.
ЛІТАРАТУРА
1. Заняткі жыхароў нашага краю // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 770-773.
КРАШАНІНА
«Крашанінаю завецца друкаванне малюнкаў на тканінах пры дапамозе асобных драўляных дошчак, што маюць на сваёй паверхні рэльефны малюнак. Крашаніна можа быць умоўна аднесена да галіны сялянскага малярства, да якога належыць роспіс, вышыўка, анталяжы і крашаніна. Крашаніна — своеасаблівая сялянская творчасць, што імкнецца выражаць графічныя мэты. Малюнак крашаніны павінен быць дэкарацыйным, ухіляючыся рэалістычнай трактоўкі і разам з тым падкрэсліваючы двухмернасць паверхні тканіны...». На Віцебшчыне майстроў гэтай справы звалі «сінельнікамі», красільшчыкамі і набойшчыкамі...
У Гарадку працаваў толькі адзін саматужнік — «сінельнік» (родам з Цвярской губ.) Шутаў, які меў невялічкую майстэрню і працаваў адзін, без наймітаў. Майстэрня зачынілася з пракладкаю чыгункі Ленінград — Віцебск.
ЛІТАРАТУРА
1. Крашаніна // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 773-774.
СТАЛЬМАШНАЕ РАМЯСТВО
Для працы стальмахоў патрабаваліся бяроза, дуб, вяз, клён. У пачатку XX ст. гэта рамяство было ў нас вельмі пашырана. Брукаванае пакрыццё шашы патрабавала не толькі добра падкаванага каня, але і добрых калёс і палазоў. Калёсы купляліся ў стальмахоў, бо для іх вырабу патрэбны былі спецыяльныя інструменты: такарны станок, гбала, колесня. Гэтае рамяство патрабавала і кавальскіх навыкаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Заняткі жыхароў нашага краю // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 770-773.
СТАЛЯРСТВА
Майстры-сталяры спецыялізаваліся па вырабе прадметаў мэблі, аконных рам і аканіц, дзвярэй, ліштваў, карнізаў, дахавых матэрыялаў. Яны ж выраблялі інвентар, транспартныя сродкі, сохі, бароны, вілы, цапы, граблі, дэталі кроснаў. 3 драўніны вольхі і бярозы рабілі лыжкі, кухонныя паліцы. Дуб і ясень выкарыстоўвалі на абсаду, з клёну рабілі інструменты для рамеснікаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Заняткі жыхароў нашага краю // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 770-773.
СУКНАРОБСТВА
Сукнаробства — адзін з відаў заняткаў і хатняга рамяства па вырабе сукна, з якога шылі верхняе мужчынскае і жаночае адзенне, шапкі. Сыравінай служыла воўна. Майстры валюшнага рамяства рабілі валёнкі, сукно. Белы колер сукна ў нас быў традыцыйным. Спецыяльна вырабляўся лямец для хамутоў і сядзелак.
Пазней узніклі рамесныя майстэрні, якія займаліся апрацоўкай воўны (часаннем, мыццём) і валюшнай вытворчасцю. Зараз у многіх вёсках збярогся гэты род заняткаў. Лёгкія і прыгожыя валёнкі робяць майстры ў нашым раёне. У пачатку XX ст. асабліва прыгожыя валёнкі рабілі на вуліцы Кладбішчанскай у Гарадку, вёсках Обалі, Тросніцы, Антоненках, Седунах. Зараз гэты промысел адраджаецца, працуюць майстры па вырабе валёнак у Гарадку, Вархах.
ЛІТАРАТУРА
1. Заняткі жыхароў нашага краю // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 770-773.
ПЛЯЦЕННЕ
Матэрыялы для пляцення былі разнастайныя: лён, лаза, чарот, лыка, карані дрэў, бяроста, скура, салома, пянька, лучына, стружкі, ніткі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, чаромхі. Выраблялі майстры пляцення кошыкі, рыбалоўныя снасці, посуд, карабы, мэблю, сявенькі, шкатулкі, цацкі, брылі, аплётку для ганчарных вырабаў, лапці, паясы, кублы, калыскі.
3 саломы рабілі кошыкі, сявалкі, скрыні, кублы, павукоў. Саламяныя павукі рабіліся, па ўспамінах Я.Ф. Дзям'яненкі, «у полі, калі жывёла адпачывала». Яны былі і абярэгамі, і сімваламі дабрабыту. Найбольш распаўсюджаная ў нас форма павукоў — аб'ёмна-рамбічная. 3 кірмашу прывозілі прыгожыя саламяныя скрыначкі. Сявалкі рабіліся з саломы, як і вялікія кублы. Салома перапляталася пры іх вырабе лазой, пянькою, ільном.
Сучасныя майстры саломапляцення засвоілі традыцыйную тэхніку вырабаў гэтых рэчаў і пашырылі іх віды. Папулярнымі ў нас з'яўляюцца саламяныя пано, кветкі, упрыгожанні, падобныя на вяночак, абручы. Сучасныя майстры Гарадоччыны карыстаюцца прыёмамі спіральнага і прамога пляцення, выкарыстоўваюць розныя віды саломы ( жытняй, пшанічнай, аўсянай).
3 бяросты плялі звычайна кашалі для пераносу дарожных прыпасаў, рабілі аплётку для посуду. Так з'явіўся берасцень — пасудзіна, абвітая бяростаю.
ЛІТАРАТУРА
1. Заняткі жыхароў нашага краю // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 770-773.