ТКАЦТВА І ВЫШЫЎКА
Лён у XIX —XX стст. адыгрываў важную ролю ў жыцці насельніцтва нашага краю. Таму прадпрымаліся крокі для паляпшэння яго гатункаў і ўраджайнасці. Выкарыстоўваліся ўгнаенні, заводзіўся і рэалізоўваўся сорт ільну-даўгунцу, пачалі выкарыстоўвацца новыя прылады працы для яго апрацоўкі і вырошчвання.
Яшчэ ў 30-ыя гг. XX ст. у в. Каверзіна можна было пачуць прывітанне: «Шоўкам лён!». Лён шмат даваў жыхару Гарадоччыны, але ж колькі турбот і працы патрабавалася, каб ільняная нітка лягла ў адзенне ці прыгожы ручнік. Калі сеялі лён, трэба было не толькі добра ўзараць і забаранаваць поле, але яшчэ чакухай уручную разбіць камы, зберагчы поле ад птушак, пустазелля і шкоднікаў. Калі ж лён адцвітаў, трэба было «браць». Бралі лён у жніўні, баяліся, каб не перастаяў. Ставілі снапы ў бабкі, пасля аббівалі ці абрывалі галоўкі пры дапамозе валька ці нажа. Лён рассцілалі або мачылі ў вадаёмах. Часта гэта дрэнна ўплывала на рыбу.
Настаўнік Невельскага павятовага вучылішча Пётр Катлоўскі назіраў, як на Віцебшчыне высушваюць лён на роўных і чыстых лугах, а дасушваюць у асецях ці лазнях, не выкарыстоўваючы для сушэння сасновых і бярозавых дроў, бо іх дым псуе валокны. Пасля сушкі, трапання і мяцця яго чэшуць, падбіраюць пад адзін колер і звязваюць у вязкі (пукі), якія важаць каля 25 фунтаў. Такі лён ішоў на продаж у Рыгу. Лён, які ўрадзіўся кароткім, звязвалі ў снапы, не замочвалі, а клалі разам з галоўкамі для сушкі на жэрдкі.
Потым малацілі і рассцілалі на 25 — 35 дзён па пожнях. Затым яго апрацоўвалі і выкарыстоўвалі для патрэб сям'і.
Прадзеннем ільну займаліся жанчыны з лістапада па сакавік. 3 7 — 8 гадоў дзяўчынкі ўжо атрымлівалі няякаснае валакно для навучання гэтай справе. Праз год-два ім давяралі кужаль, з якога рабіліся тонкія тканіны. Кудзеля прывязвалася да прасніцы, якая ставілася на лаву, а папрадуха садзілася на донца. Нітку скручвалі амаль да канца XIX ст. на верацяне. Так часта нашы бабулі ўжывалі гэтае слова, што яно ўвайшло ў прымаўку: «круціцца, як верацяно». У наш час, у пачатку 1990-ых гадоў, даводзілася бачыць у в. Антоненкі Халамерскага сельсавета, як добра валодаюць і нашы сучасніцы драўляным верацяном.
У XX ст. у сялянскім побыце распаўсюджана была самапрадка. На тэрыторыі раёна сабраны і ўвайшлі ў калекцыю раённага музея самапрадкі, стаякі і лежакі. Прасніца для калаўрота выглядае, як невялікая лапатачка, яна ўстаўляецца ў спецыяльную адтуліну ў самапрадцы. Самапрадка складаецца з кола, педалі, прадзільнага апарата. За зіму трэба было на вялікую сям'ю выткаць да 150 метраў тканіны. Спрадзеныя ніткі праходзілі складаны шлях. 3 верацён ці прасніц іх з дапамогай матавіла перамотвалі ў маткі. Цікава, што ў вёсцы Обаль у 1991 г. на гарышчы старога дома было знойдзена амаль па дзесятку матавілаў, нітоў, бёрдаў. Відаць, там ставіліся не адны кросны.
Ніткі мылі і фарбавалі. У другой палове XIX ст. выкарыстоўвалі часцей за ўсё фарбы, якія атрымоўвалі з раслін. Нашы старэйшыя зямлячкі ўспамінаюць, што рабілі для афарбоўкі льняной пражы адвар з кары дуба, ясеня, крушыны і інш. Пазней фарбы купляліся ў крамах ці ў вандруючых гандляроў.
Выраблялася тканіна на кроснах, якія мелі апорны каркас (ставы), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, бёрды з набіліцамі для прыбівання утку; панажы, кацёлкі. Аснову часалі драўляным грэбенем і накручвалі на навоі. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі дзве вузкія «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Затым накідвалі аснову ў ніты. Тут парадак дзеянняў залежаў ад узору будучай тканіны.
Дзякуючы доктару мастацтвазнаўчых навук М.С. Кацару мы ведаем імёны мясцовых ткачых і вышывальшчыц старэйшага пакалення. Гэта Паўхлебава (в. Забумер'е), А. Савянок (в. Козіна), В. Таляронак (в. Малажоны), Д. Балабошка (в. Бесава), Дзімітрава (в. Азёркі). Шмат цудоўных тканін зрабіла М.Ф. Шпакава (1887 —1987 гг., в. Вархі).
Гарадоцкія ткачыхі на кроснах выраблялі ажурныя тканіны. Такое ткацтва шырока бытавала ў канцы XIX — пачатку XX ст.
Ажурныя тканіны выконваліся з лепшых гатункаў ільну і выкарыстоўваліся для вырабу фіранак і полагаў для ложкаў. У 40-ыя гг. XX ст. гэтыя тканіны страцілі сваё утылітарнае прызначэнне, але нейкі час яшчэ ўжываліся ў сялянскім быце ў якасці дэкаратыўных ручнікоў, абрусаў, полагаў, посцілак, фіранак. У Беларусі ажурнае ткацтва атрымала распаўсюджанне ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх раёнах Віцебскай вобласці: Аршанскім, Сенненскім, Бешанковіцкім, Лёзненскім, Гарадоцкім.
Каб пража і даматканае палатно былі белымі, маткі пражы вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, затым рассцілалі на роснай траве пад сонцам. Такі спосаб бытаваў да сярэдзіны XX ст. Натканае палатно захоўвалі спачатку ў кублах, потым у куфрах, якія ў нашай мясцовасці называюцца сундукамі. Сям'я з в. Моненкі перадала такі сундук для аддзела этнаграфіі ў Гарадоцкі музей. У куфрах зберагаліся рэчы для пасагу. У другой палове XIX ст. дзяўчына павінна была выткаць абрусы, ручнікі, палатно для пасцелі, нашыць некалькі жаночых і мужчынскіх кашуль, наткаць ці сплесці шмат паясоў. У XX ст., ды ўжо і ў канцы XIX, этнографы заўважаюць (М.Я. Нікіфароўскі), што для пасагу абавязкова рыхтаваліся толькі абрусы, ручнікі і паясы, астатняе ўжо можна было купіць ці пашыць з купленых тканін. Але звернемся да тых трубак палатна, якія зробяць жанчыны за зіму. Не ўсе з іх апынуцца адразу ў сундуку. Частку з іх звязуць у Гарадок, у майстэрні саматужніка сінельніка Шутава, зробяць крашаніну (сінельку), або набіванку (в. Ісачкава Межанскага с/с), зробяць палатно сінім і на ім белыя геаметрычныя або раслінныя ўзоры. 3 набіванкі насілі хусткі, спадніцы. Рабілі з яе коўдры. Майстэрня зачынілася з пабудовай чыгункі.
Асноўнымі прадметамі дамашняга вырабу заставаліся ў пачатку XX ст. паясы, ручнікі, абрусы. Абрусы былі паўсядзённымі і абрадавымі. Абрадавыя абрусы выкарыстоўваліся на вяселлі, ішлі на пасаг. Абрадавы абрус браўся ў час памінак на магілы родных. Лепшага ручніка, чым ільняны, не знайсці. Яго палатно, як абрадавая рэч, ішло на набожнікі (ручнікі для чырвонага кута), больш грубыя і доўгія служылі ўціральнікамі, якімі карысталася сям'я.
Ручнік з'яўляецца дэталлю многіх рытуалаў, абрадаў нашай мясцовасці. У час хрэсьбін, вяселля, пахавання ручніку адводзіцца асаблівае месца. Арнаментуюцца ручнікі багата. Ромба-геаметрычныя ўзоры былі пераважаючымі па колькасці на рубяжы XIX — XX стст. Паступова набываў усё большую папулярнасць раслінны арнамент, канцы ручнікоў упрыгожвалі карункамі, плеценымі з нітак, вязанымі на прутках, вышыўкай. Існуе і вышыўка па гатовым узоры.
У Гарадоцкім краязнаўчым музеі захоўваецца вялікая калекцыя з вынікаў працы клапатлівых рук жыхароў нашых мясцін: тут 78 ручнікоў, 75 з іх — саматканых ільняных, 16 посцілак, 31 абрус, 31 пояс.
3 ільну і воўны вырабляліся ў нашай мясцовасці і паясы. Узоры рабіліся ў выглядзе грабеньчыкаў, палосак, ромбаў, крыжыкаў. Ткачыхі паясоў у нашай мясцовасці выкарыстоўвалі розныя тэхнікі іх вырабу, але найбольш старыя паясы ткалі на ніту. На поўначы раёна знойдзены паясы, выкананыя ў тэхніцы пляцення. Ільняная нітка з канаплянай (пяньковай) выкарыстоўвалася пры сеткаванні.
ЛІТАРАТУРА
1. Іверская, К. Рэгіянальна-мастацкія асаблівасці ручніка Гарадоччыны / К. Іверская // Матэрыялы абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Ручнік як увасабленне традыцыйнай культуры беларусаў” : каталог выстаўкі. – Віцебск, 1998. – С. 24-26.
2. Кажамякін, Л. З народных глыбінь / Л. Кажамякін // Гарадоцкі веснік. – 1999. – 9 лістап.
3. Мукомол, Л. Городокские оберёги / Л. Мукомол // Гарадоцкі веснік. – 1999. – 25 верас.
4. Шоўкам лён ! // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 774-776
5. Шпакоўская, С. Пояс даўжынёй ад Навагрудка да Гарадка, цераз усё жыццё / С. Шпакоўская // Народнае слова. – 2000. – 7 сак.