Грыф сакрэтнасці зняты
Напярэдадні чарговай гадавіны Перамогі у дзяржаўных сродках інфармацыі зноў звяртаюцца да ваеннай тэмы. Часам друкуюцца шакуючыя лічбы. “Гарадоцкі веснік” , спасылаючыся на Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прыводзіць лічбы стратаў савецкіх войскаў пры вызваленні Гарадка і Невеля. Трэба адзначыць, што Невельскі раён Пскоўскай губерніі адыйшоў да Расейскай Федэрацыі толькі пасля Кастрычніцкага перавароту і спрадвеку належыць да этнічных беларускіх земляў. Сёння на тэрыторыі двух суседніх раёнаў пражывае толькі каля 60 тысяч жыхароў – прыблізна па 30 тысяч у кожным раёне.
Чытачы ж раёнкі даведаліся, што пры вызваленні раёнаў у 1943 годзе савецкія войскі страцілі амаль 170 (!!!) тысяч салдат і афіцераў. Лічбы пад грыфам “сакрэтна” сведчаць, што войскі у той час Калінінскага фронту ( з 20 кастрычніка 1943 г. – Першы Прыбалтыйскі) за час баёў з 6.10 па 31.12 1943 году страцілі – 43 551 чалавека загінуўшымі і 125 351 параненымі.
Аб якім ваенным майстэрстве можа весціся гаворка, калі салдат забівалі і ранілі, як каса траву??? Вядома, што у першыя два гады савецкія войскі толькі набіраліся досьведу вайны, калі батальёнамі і палкамі камандавалі зусім недасведчаныя маладыя людзі. Чалавечае жыццё пры “генералісімусе” Сталіне ні ў ва што не ставілася. На нашых не умацаваных землях нямецка-фашыстаўскія захопнікі нанеслі страты Савецкай арміі у 168 тысяч 902 салдата і афіцера. Але да гэтага становішча армія дайшла праз знішчэнне каманднага саставу пад час сталінскага генацыду у 30-я гады. І ці маем мы маральнае права шанаваць ката Сталіна, які у мірны і ваенны час прыклаў руку да знішчэння мільёнаў савецкіх людзей?