Сталінскі загад №227 амаль праз 66 гадоў
Загад пад назвай “Ні кроку назад” быў падпісаны Сталіным 28 ліпеня 1942 году, калі савецкія войскі Паўднёвага фронту панічна пакінулі Растоў-на –Дану і Навачэркаск, адкрываючы нямецкім войскам ход на Кубань і Паўночны Каўказ.
Агульнавядомы загад, з якім раней былі знаёмы вучні са школьнай парты, патрабаваў ад камандзіраў і камісараў жорстка абыходзіцца з усімі байцамі, якія самавольна пакінулі свае пазіцыі. Дзеля гэтага фармаваліся штрафныя роты і батальёны, якія ставіліся на самыя цяжкія участкі фронту, а за спінамі гэтых штрафных частак, а таксама у тылах няўстойлівых дывізій стаялі добра узброеныя атрады, якія мелі права растрэльваць усіх, хто пачынаў адступаць.
Загад, які ужо стаў часткай ваеннай гісторыі, цікавы перш за ўсё аматарам вайны. Але яго з’яўленне праз 66 гадоў на старонках раённай газеты сведчыць перш за ўсё пра тое, што рэдакцыі не хапае ідэй і матэрыялаў, каб прафесійна выконваць свае абавязкі. Дарэчы наклад раённай газеты адзін з самых маленькіх сярод раёнак вобласці – 1480 асобнікаў.