Сафійскі сабор пачуў беларускія малітвы
Яе ўдзельнікі прайшлі за чатыры дні болей за сто кіламетраў паміж Віцебскам і Полацкам. Пілігрымка ладзіцца ўжо трынаццаты год запар. Яна прысвечана памяці полацкіх мучанікаў — манахаў-базыльянаў, якія былі закатаваныя расейскім царом Пятром Першым у полацкім храме Святой Сафіі ў 1705 годзе.
«Гэта месца для нас святое, — гаворыць адзін з арганізатараў пілігрымкі, айцец Дзмітрый Грышан з Віцебска. — Па-першае, яно асвечаная кроўю мучанікаў за веру. Па-другое, гэтае месца ёсць сімбалем уніяцкай царквы Беларусі. Менавіта сымбалем, бо сабор Святой Сафіі зараз не дзейнічае як храм».
І дадае: «Пакуль што...»
У гэтых словах — вера ў тое, што полацкая Сафія зноў стане дзеючым храмам.
Галоўны сабор Полацка быў пабудаваны ў ХІ стагоддзі на загад князя Усяслава Чарадзея. Напачатку XVIII стагоддзя цар Пётар Першы, той самы, што забіў манахаў-базыльянаў, зрабіў у беларускай святыні парахавы склад. І аднойчы той узарваўся, у выніку чаго Сафійскі сабор быў амаль цалкам зруйнаваны. Аднавілі яго ўніяты. Таму яны і лучуць Сафію сваім галоўным храмам, хаця зараз сабор з’яўляецца музеем і канцэртнай залай. Але яго сцены пачулі беларускія малітвы, якія зляталі з вуснаў удзельнікаў пілігрымкі.
«У сёлетняй пілігрымцы удзельнічаюць больш за 70 вернікаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, — распавядае палачанін Міхась Баўтовіч. — Гэта грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя, летась ўдзельнічалі старабрадцы. Людзі самыя розныя, але яднае іх тое, что яны ўпэўненыя: калі чалавек аддаў жыццё за веру, гэта ёсць адзнака святасці, незалежна ад таго, да якой канфесіі ён належыць».
Сам шлях мае для вернікаў вялікае духоўнае значэнне. Гэтыя чатыры дні былі для іх часам духоўных пержываняў і супольнасці.
«Падчас пілігрымкі ў людзей ёсць магчымасць перажыць пэўныя духоўныя здарэнні, — адзначае айцей Дзмітрый. — Кожны дзень праходзяць літургіі, супольныя малітвы. Пераадольваем мы і супольныя выпрабаванні. У гэтым годзе на нас выпала шмат дажджу, у папряднія, можа, камусьці было зашмат сонца. Але калі ўсе гэтыя цяжкасці пераносяцца з пакорнасцю і цярплівасцю, гэта прыносіць духоўныя плёны».
Скончылася пілігрымка ў нядзелю ўрачыстай імшой у парафіяльнай царкве Святой Параскевы Полацкай, якая нядаўна збудавана мясцовымі грэка-католікамі.