Адстаўка Паўлічэнкі: “чыстка” ці крымінальны перасьлед?
Ці ёсьць гэта пачаткам канца службовай кар’еры міліцыянта, які выконваў асабістыя даручэньні кіраўніцтва краіны?
Прэсавая служба Ўнутраных войскаў МУС пацьвердзіла зьвесткі пра тое, што Зьміцер Паўлічэнка днямі быў зьняты з пасады камандзіра 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня і накіраваны ў распараджэньне камандуючага ўнутранымі войскамі. Месца Паўлічэнкі ўжо заняў Юры Караеў, які камандаваў менскім палком АМАПу. Прычын адстаўкі Зьмітра Паўлічэнкі ў прэсавай службе не камэнтуюць.
Зьміцер Паўлічэнка ўваходзіць у сьпіс асобаў, якіх на Захадзе падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага ў 1999—2000 гадах. Спачатку палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў, а потым генэрал міліцыі Мікалай Лапацік адзначалі ў сваіх рапартах факты, зь якіх вынікала, што Зьміцер Паўлічэнка нібыта кіраваў таемнымі апэрацыямі — захопам і зьнішчэньнем апазыцыянэраў. Жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда схільная думаць, што ўсё так і было:
“Ведаеце, паводле надрукаваных дакумэнтаў, гэты чалавек датычны і да зьнікненьняў, і да далейшага лёсу зьніклых. Ведаю, як сябе паводзіў гэты чалавек падчас мітынгаў, пра гэта распавядалі тыя, каго ён асабіста зьбіваў. Такім чынам, я магу паверыць, што гэта ён рабіў, але асабіста зь ім я не знаёма”.
Камандзірам брыгады спэцназу Зьміцер Паўлічэнка быў прызначаны на пачатку 2000-х гадоў пасьля камандаваньня спэцатрадам. Шмат хто ў Беларусі называе якраз гэты спэцатрад “эскадронам сьмерці”. Ужо стаўшы палкоўнікам і атрымаўшы шэраг узнагарод, у тым ліку ордэн ад Рускай праваслаўнай царквы, Паўлічэнка працягваў асабіста кіраваць апэрацыямі супроць апазыцыі. У 2006 годзе ён кіраваў разгонам дэманстрантаў, якія пратэставалі супроць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Тады да мітынгоўцаў ужылі зброю, а былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна арыштавалі. Палітык згадвае асабістую ролю ў гэтым Зьмітра Паўлічэнкі:“Я падышоў да міліцыянтаў, якія стаялі ў шэрагах, каб дамовіцца, што людзі хутка разыйдуцца і каб іх не чапалі. А калі павярнуўся, Паўлічэнка двойчы ўдарыў мяне нагамі ў сьпіну, дзе копчык. Я паваліўся, а потым у мяне аднялася нага, доўга ня мог ёй варушыць”.
Чаму Аляксандар Казулін не зьбіраецца падаваць у суд за гэта на Зьмітра Паўлічэнку? Аляксандар Казулін нагадаў зьвесткі пра тое, што ў канцы 2000 году Зьмітра Паўлічэнку затрымаў КДБ. Гэта было зроблена паводле пастановы старшыні КДБ Уладзімера Мацкевіча, аднак Паўлічэнка неўзабаве апынуўся на волі, а Мацкевіч — у адстаўцы:
“Ну, які суд у нас можа быць? Скажыце, чаму Паўлічэнку арыштавалі, але нейкім незразумелым спосабам ён выйшаў на волю, хаця пастановы пра гэта не было? Вось з гэтага трэба зыходзіць”.
Аляксандар Казулін мяркуе, што цяперашнюю адстаўку Зьмітра Паўлічэнкі “пакуль ня варта перабольшваць”. Палітык не выключае, што Паўлічэнку зьнялі, толькі каб паслаць пэўныя сыгналы Захаду, “нібыта ў Беларусі адбываюцца станоўчыя зьмены”. “Такія людзі, як Шэйман ды Паўлічэнка, нікуды не зьнікаюць. Варта дачакацца таго, як яны зьявяцца на новых пасадах”, — мяркуе Аляксандар Казулін.
Журналісты тым часам паміж сабой абмяркоўваюць яшчэ адну вэрсію зьняцьця Зьмітра Паўлічэнкі — нібыта ён праходзіць па крымінальнай справе і зь яго ўзялі падпіску пра нявыезд. Паводле названай вэрсіі, справу завялі ў КДБ. Гэтыя зьвесткі ў КДБ не камэнтуюць.
З самім Зьмітром Паўлічэнкам пагаварыць не ўдаецца, бо ад кантактаў з журналістамі ён адмаўляецца. Як вядома, некалькі гадоў таму Зьміцер Паўлічэнка сьцьвярджаў, што ён “чысты перад законам”.