Прадпрымальнікі не прызнаюць новых дэпутатаў
“Гэта былі ня выбары, а дзейнічала сыстэма ўтрыманьня незаконнай улады”, — пра гэта заявілі кандыдаты ў дэпутаты ад блёку прадпрымальнікаў, якія бралі ўдзел у верасьнёўскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Усяго ў блёк уваходзілі 20 прадпрымальнікаў, зь іх 8 былі зарэгістраваныя кандыдатамі, але ў дэпутаты ніхто не прайшоў. 13 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі ў штаб-кватэры Партыі БНФ прадпрымальнікі падсумавалі свой удзел у выбарах.
“Асабліва ўразіў падлік галасоў: мы бачылі сьпіны сябраў камісіі, як яны пашушукаліся і вырас стос бюлетэняў за праўладнага кандыдата. Зараз выбарцы мне кажуць, што больш на такія выбары ня пойдуць”, — заявіла Тацяна Міронава, адзіная прадпрымальніца, якая ўдзельнічала ў выбарах у Менску ад блёку індывідуальных прадпрымальнікаў.
Актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў прызнаў, што не хапіла досьведу назіраньня, асабліва падчас датэрміновага галасаваньня, калі, паводле Макаева, і адбывалася масавая фальсыфікацыя.
Блёк прадпрымальнікаў заклікаў пачаць кампанію непрызнаньня паўнамоцтваў новых дэпутатаў, якія будуць зацьвярджацца Цэнтравыбаркамам 27 кастрычніка. Дзеля гэтага прадпрымальнікі падалі ў пракуратуру заявы аб разглядзе парушэньняў закону падчас выбараў.