Ліквідаваная Беларуская экалягічная партыя зялёных
Гэтак задаволены пазоў Міністэрства юстыцыі. Паводле яго, партыя “не змагла ўпарадкаваць сваёй дзейнасьці ў адпаведнасьці са зьменамі і дапаўненьнямі ў закон “Аб палітычных партыях”, якія набылі сілу ў ліпені 2005 году”.
У час паседжаньня Вярхоўнага суду агучылі заяву старшыні БЭЗ Мікалая Карташа, у якой ён не пярэчыць супраць пазову Мін’юсту і просіць разглядаць справу без прадстаўнікоў партыі.
Раней Радыё Свабода паведаміла, што Міністэрства юстыцыі дала пісьмовыя папярэджаньні яшчэ дзьвюм апазыцыйным арганізацыям — Партыі БНФ і БСДП (Грамада). Чыноўнікі пагражаюць прыпыніць іх дзейнасьць альбо зьліквідаваць праз суд.
Юрыст Уладзімер Лабковіч называе папярэджаньні Мін’юсту палітычнымі, і вось як ён камэнтуе гэтыя намеры:
“Выглядае, што Міністэрству юстыцыі далі загад рыхтавацца да парлямэнцкіх выбараў. І гэтая падрыхтоўка заключаецца ў тым, што будзе максымальна зачышчацца палітычнае поле.
Цяпер дайшла чарга да прыпыненьня, як гэта адбылося ў адносінах да КПБ і пагражае іншым партыям, ці ліквідацыі. Што і здарылася з БЭЗ.
Фармальна гэтая партыя яна ўжо не існавала. А вось для іншых партыяў існуюць іншыя пагрозы. Яны вынікаюць з палітычных момантаў і, у меншай ступені, зь нейкай юрыдычнай недасканаласьці”.
Сярод партыяў, якім вынесьлі папярэджаньне – Беларуская сацыяльна-спартовая партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды і Рэспубліканская партыя.