«Амбасовішча» ў Раўбічах
У фестываля «Амбасовішча», што прайшоў 12 верасня на тэрыторыі рэзідэнцыі пасла ЗША ў Раўбічах пад Мінскам, дзве мэты — падтрымаць беларускія гурты, даць ім магчымасць выступіць і арганізаваць канцэрт разнастайнай беларускай музыкі. Пра гэта заявіла надзвычайны і паўнамоцны пасол ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт (Karen Stewart). Яна зазначыла, што фестываль «Амбасовішча» праводзіцца ўжо трэці раз.
Карэн Сцюарт выйшла распачынаць канцэрт у нацыянальнай беларускай кашулі і джынсах. Паводле слоў К.Сцюарт, яна «вельмі камфортна адчувае сябе ў кашулі з беларускім арнаментам», паколькі чырвоны — адзін з яе любімых колераў. Апрача таго, паслу паведамілі, што арнамент прыдуманы на поўдні Беларусі, у тым рэгіёне, які вельмі нагадвае ёй родную Фларыду.
К.Сцюарт прывітала гасцей прамовай на беларускай мове.
«Амбасовішча» — гэта свята самавыяўлення, — сказала яна. — Мы вельмі рады таму, што беларуская публіка ўжо добра ведае наш фестываль».
На фестываль запрошаны 20 гуртоў розных музычных кірункаў. «Музыканты, якія выступаюць, займаюць розныя культурныя, асабістыя і палітычныя пазіцыі», — зазначыла пасол. К.Сцюарт падкрэсліла: «Сёння пашыраюцца не толькі мае веды аб беларускай музыцы, але і аб гісторыі, аб людзях краіны, якая мне так падабаецца».
Пасол прыбыла ў Беларусь год таму. Гэты час, паводле яе слоў, характарызуе «новы вопыт знаёмства з новымі людзьмі, што вельмі цікава». Разам з тым К.Сцюарт засмучае той факт, што «за гэты час у галіне дэмакратыі значнага прагрэсу ў Беларусі не бачна».
У фестывалі бралі ўдзел такія калектывы, як «Крамбамбуля», «Палац», «Нейра Дзюбель», «Уліс», «Стары Ольса», «Крама», «P.L.A.N.», «Indiga», «Далі», «Зігзаг» і іншыя.
Паводле вынікаў галасавання прысутных на "Амбасовішчы", найбольшую колькасць галасоў атрымала група "Dali". Аднак музыкі гэтага калектыву, спаслаўшыся на тое, што ім няёмка другі год запар атрымліваць прыз, адмовіліся ад DVD-камэры, у выніку чаго яна была ўручана маладой групе "Lite Sound", якая набрала другую суму галасоў. Таксама прызамі амбасады ЗША ў Беларусі былі адзначаны групы "Фляўс энд Кляйн" з Наваполацку, мінскія гурты "P.L.A.N." і "Гурзуф".